Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 50


К оглавлению

50

— Уласна кажучы, гэтая здань уратавала цябе, бо ты альбо там загінуў бы, альбо падабралі б цябе зялёнкі!.. Як пачуваешся?

— Добра.

— Табе размаўляць не цяжка?

— He.

— To раскажы, як ты туды дабраўся? Толькі памалу і падрабязна. Маем час, — прамовіў Пятрусь.

Я пачаў апавядаць ім пра ўсё, што перажыў з той раніцы, калі мяне арыштавалі на пункце ў Бамбіны. Сябры часта перапынялі і задавалі пытанні.

Пад час размовы пачулі, што дзверы ў вялікі пакой адчыніліся. Пазнаў голас Лорда. Праз хвіліну сябра радасна прывітаўся са мной.

— А я так перажываў за цябе! — вымавіў Лорд. — He мог даведацца, што з табой здарылася.

Яны зноў пачалі распытваць мяне, і я падрабязна расказваў ім пра арышт, знаходжанне ў «Чрезвычайке» і Допры, аб прыгаворы на высылку, пра ўцёкі з вагона і пра зваротны шлях з-за граніцы.

Сябры задавалі бясконцыя пытанні і шчыра цешыліся шчаслівым заканчэннем усіх маіх прыгодаў. Потым я запытаў Лорда, што стала з імі пасля майго арышту.

— Ведаеш, — прамовіў Лорд, — мы чакалі цябе 5 хвілін, чакалі 10, чакалі квадру гадзіны: нічога, анічога… Раімся, што рабіць? Адны кажуць: вяртацца! Другія: паслаць кагосьці на мяліну. Ну, Шчур і пайшоў на выведку. Палямі дайшоў ззаду да хутара, тудой жа прабраўся да дзядзінца. Убачыў салдат: ходзяць па падворку, зазіраюць у стадолу. Справа зразумелая — засыпалі. Ну, ён зараз жа да нас і расказвае гэта. Мы за ношкі і гайда назад! Аднак хлапцы проста валіліся ад стомленасці. Ледзьве паспелі да світання дабрацца да Старасельскага лесу. Віхура крыху сунялася. Забраліся ў самую сярэдзіну лесу. Там былі пасечаныя і складзеныя ў шліхты дровы. Расклалі вогнішча і збольшага абсушылі апратку. Пасля полымя трэба было загасіць, баяліся, каб не ўбачылі дым здаля. Мелі з сабой 4 пляшкі спірытусу, і гэта ўратавала. Неяк дачакаліся вечара і хутчэй да граніцы. Ледзьве жывыя дабрылі назад. Лёва і Алігант захварэлі…

— Заплаціў вам жыд за дарогу? — запытаўся я ў Лорда.

— А як жа?.. У два разы болей — па трыццаць рублёў кожнаму. А пункт у Бамбіны закрыўся назаўсёды.

— Пасля куды хадзілі?

— Па-рознаму. Я зараз хаджу з групай Юрліна. Шчур таксама. Але ходзім рэдка. Найперш да гарэлкі зарабляем, а на гарэлку не стае… Чакаем восені…

— Ніхто з хлопцаў больш не папаўся?

— З нашых ніхто… Зараз мала хто ходзіць…

— Што яшчэ чуваць?

Хлапцы пачалі апавядаць шмат навін. Потым сказалі, што яны пусцілі па мястэчку погаласку, што я нібыта выехаў у Вільню. Зараз, пасля выздараўлення, павінен быў гэта пацвердзіць. Пра маю засыпку за мяжой ведаюць толькі самыя надзейныя хлапцы. Лорд даў мне трыццаць залатых рублёў.

— Гэта за што? — запытаўся ў яго.

— За тваю апошнюю ходку… У два бакі… Калі паправішся, сходзім да Бэргера. Табе належыць узнагарода за выратаванне групы. Тавар быў дарагі. Ацаліў жыду не менш 3000 даляраў, а магчыма, і значна больш… Размаўлялі з ім пра гэта. Акрамя 30 рублёў даў мне яшчэ 70.

Я слухаў яго не вельмі ўважліва, а пасля запытаўся:

— Як ты думаеш, чаму ў Бамбіны была засада?

— Хтосьці нас лягнуў! — адказаў Лорд. — Інакш ніколі так пэўна не чакалі б нас… Знарок жа не палілі святла. Пахаваліся ў сенцах, у стадоле і за занавескай… Бамбіну і нас нехта засыпаў!..

— Ніхто іншы, як ён! — прамовіў я, думаючы пра Альфрэда.

— I я так думаю! — дадаў Лорд. — Толькі адкуль жа ён даведаўся, дзе знаходзіцца наша мяліна?

— Магчыма, нехта з хлопцаў п’яным прагаварыўся, а пасля з языка на язык, і дайшло да Альфрэда? — выказаў сваю думку Юлік.

— Хіба што так, — прамовіў Лорд. — Але нічога… Атрымае ён некалі за сваё! За ўсё адразу!..

Назаўтра я так добра пачуваўся, што апрануўся, і разам з Юлікам выйшлі ў горад. Было цёпла. Сонца, шалеючы промнямі святла залівала мястэчка. Па дарозе зайшлі за Лордам і разам падаліся на Букраўку да Бэргера.

— Трэба крыху патрэсці цабэрак! — вымавіў Юлік. — Ёсць з каго і ёсць за што. Выратаваў яму цэлую партыю тавару.

Бэргер быў у хаце. Засталі яго ў сталовым пакоі, загрувашчаным дарагой мэбляй, што не адпавядала малому па памерах драўлянаму будынку. Яна была ўся разбярная. Вялікія крэслы, абцягнутыя скурай, выдатны буфет, вялізны стол.

Я ўбачыў тыповую жыдоўскую постаць. Паціраючы далоні, Бэргер запрасіў нас у бакавы пакойчык.

— Там нам будзе зручней, і ніхто з вуліцы не ўбачыць.

У гэтым пакоі ўздоўж сцен стаяла некалькі вялікіх куфраў, зачыненых на замкі-калодкі. Пасярэдзіне стаяў доўгі стол, які займаў усю астатнюю прастору. Праз прыадчыненыя дзверы з суседняга пакоя далятаў сакавіты дзявочы голас, напоўнены ўсходняй меланхоліяй:


— О, баядэра, я кахаю цябе!
О, баядэра, та-рім та-ра-рам!

Лорд засмяяўся.

— Ну, Шлёма, колькі за гэтую баядэру аддаеш пасагу?

— Уй, які там пасаг! Навошта ёй пасаг?.. Яна сама золата!

— Ну, ну, не кажы! Сама менш на паўлімона зацягне!

Жыд крыху ўсміхнуўся, з пяшчотай пагладзіў бараду і запытаўся:

— Што пан Баляслаў мне скажа? Ёсць нейкі інтарэс?

— Тут наш хлопец вярнуўся, — Лорд рухам галавы кіўнуў у мой бок. — Шлёма ведае… Той, што нам у сакавіку групу ўратаваў, a сам папаўся… Сядзеў у Допры. I Чэка. Там у яго забралі ўсе грошы і прысудзілі да высылкі… Уцёк па дарозе!.. Ад Шлёмы яму належыць прэмія… для расфартавання…

— Гэта той… Уладзік!..

— Так.

— Я зараз, — прамовіў жыд і выйшаў з пакоя. Ён хутка вярнуўся з маладым жыдком, убраным з прэтэнзіяй на элегантнасць. Я пазнаў Лёву і прывітаўся з ім. Некалькі хвілін размаўлялі, а пасля Лорд прамовіў:

50