Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 49


К оглавлению

49

На чатырнаццатай вярсце зайшоў у лес і зноў адпачыў — быў вельмі стомлены. Тут выкурыў апошнюю папяросу.

Пакінуўшы злева Старое Сяло, увайшоў у Старасельскі лес і на ўскрайку цягнуўся наперад. Знаходзіўся на добра вядомай мне дарозе, ішоў упэўнена. Зрэшты, мог бы ісці па зорках — неба было чыстае.

Усё больш віднела. He думаў, што ўжо раніца, таму быў непрыемна здзіўлены. Да мяжы заставаўся добры кавалак шляху, а я знаходзіўся ў самым небяспечным месцы. Вярнуўся назад у Старасельскі лес і крыху адпачыў.

Старасельскі лес мне быў добра вядомы. Тут я шмат разоў праходзіў з таварам, тут мы рабілі днёўкі. Вырашыў цэлы дзень не спаць. Страшэннай няўдачай было б для мяне папасціся зноў, пасля такой цяжкай дарогі, уцёкаў з вагона. А тут маглі б убачыць пастухі і навесці падпольнікаў ці міліцыянераў.

Знайшоў для сябе добрую схованку і ўладкаваўся ў ёй на дзень. На выпадак абароны падрыхтаваў ёмкі кол. Вельмі хацелася спаць, але калі заўважаў, што цяжка перамагаць санлівасць, тады падымаўся з месца і паціху хадзіў непадалёк схованкі вакол дрэў, кустоў.

Шмат разоў чуў галасы і воклічы пастушкоў, якія швэндаліся па лесе. Зрэдзь часу адрозніваў крокі людзей, якія праходзілі паблізу. Неўзабаве пасля палудня з гушчара кустоў заўважыў двух хлопцаў. Адзін трымаў у руцэ лазовы кошык, другі нёс доўгі кій. Яны глядзелі ўгару на дрэвы і нешта шукалі там. Наблізіліся да маёй схованкі: я ўжо хацеў пакінуць яе, аднак яны неўзабаве адышлі. Калі ж сонца схілілася на захад, вырушыў лесам у дарогу. Крочыў павольна, уважліва ўзіраючыся ў наваколле.

Пакуль выбраўся з Старасельскага лесу, ужо змяркалася. Праз пэўны час адчуў нейкую дзіўную дрыготку, зрабілася холадна. Каб не ляскаць зубамі, вымушаны быў моцна сціскаць сківіцы.

Крочыў далей. Рабілася ўсё халадней, а цела было мокрае ад поту… Я лёг на шырокім узмежку і ўвесь закалаціўся. Адчуваў сябе усё горш… А да граніцы было яшчэ далёка.

Усхопліваўся на ногі і кідаўся наперад. Зубы стукалі без перапынку. Я ледзьве арыентаваўся ў наваколлі. Часта спыняўся і глядзеў на Вялікую Мядзведзіцу. Зоркі то круціліся на месцы, то ападалі дзесьці ўніз… Зноў адшукваў сузор’е і амаль інстынктыўна крочыў наперад — на захад.

He ведаю, калі перайшоў «другую лінію» і як апынуўся на граніцы. Памятаю, што ў нейкі момант прагучалі стрэлы з карабіна. Гэта было справа ад напрамку майго шляху. Тыя стрэлы на пэўны час абвастрылі маю чуйнасць, і я зноў амаль вярнуўся да прытомнасці. Спяшаючыся, падаўся ўлева. Калі ж стрэлы прагучалі зноў, — гэтым разам вельмі блізка ад мяне — пачаў паўзці па траве, якая здалася надзіва халоднай.

Наступнае, што памятаю, як з цяжкасцю ўзбіраўся на нейкі ўзгорак, як зваліўся на ім, пазбаўлены сілы варушыцца. Крыху пазней усвядоміў, што гэта — Капітанская Магіла… Тут ужо я амаль поўнасцю страціў прытомнасць. У нейкі момант да мяне зноў вярнулася адчуванне рэальнасці, і я нечакана заўважаю незвычайную рухлівую белую пляму… Яна пасоўваецца туды-сюды… Правальваецца ўніз, падымаецца ўгару, часам зусім знікае з відавоку, то ўсё больш набліжаецца да мяне. Нейкім намаганнем памяці вяртаюцца да мяне згадкі з апавядання Юзіка Трафіды і іншых перамытнікаў пра здань… Пасля прыгадалася, што каля кургана я ўпершыню сустрэўся з Сашкам Вэбліным. «Каб ён ведаў, што зараз знаходжуся тут!» А здань усё набліжаецца да мяне. Ужо блізка… яшчэ бліжэй…

Потым… праз нейкі час бачу нахілены над сабой твар: адрозніваю спакойны, суровы позірк вачэй і цёмныя бровы. Чую голас… У мяне пра штосьці пыталі, я нешта адказваў, але не памятаю што.

Нарэшце апошні водбліск свядомасці: хтосьці спытаў, ці ведаю я Петруся?.. Заўважыў, што пачынаю смяяцца, стукаючы ў перапынках зубамі:

— А як жа… ведаю… ведаю… Яго не ведаць!.. Ха!.. ха!.. ха!..

Затым усё панеслася з ашалелай хуткасцю ў бязмежную далячынь… Мігцяць барвы… Грымяць гукі… Шалее навальніца галасоў… віруюць твары, вобразы, фарбы… Імкне наперад страшэнны, гарачы прыліў, які падымае мяне ўгару, а пасля кідае на дол… у чорную халодную бясконцасць…

5

Апрытомнеў у малым пакойчыку. Справа заўважыў дзверы, спераду прыадчыненае вакно, завешанае фіранкай, якую хістаў лёгкі ветрык.

Прыслухаўся. Да маіх вушэй аднекуль здалёк з надворку даляталі жаночыя галасы. He змог зразумець, дзе знаходжуся. Ніколі раней не быў у тым пакойчыку. Хацеў устаць з ложка, аднак не хапіла сіл падняцца. Тады голасна вымавіў:

— Ёсць хто ў хаце?

Дзверы ў пакой адчыніліся, і ў праёме ўбачыў малога чалавечка. Ён глядзеў на мяне праз тоўстыя шкельцы акуляраў і пасміхаўся.

— Прачнуўся? — запытаўся праз хвіліну.

— Так.

Прыпомніў, што гэта ж гадзіннікавы майстар Мужаньскі, у якога жылі Юлік Вар’ят і Пятрусь Філосаф. He мог толькі ўцяміць, якім чынам я апынуўся тут.

— На, напіся вось гэтага! — Мужаньскі наліў у шклянку нейкіх лекаў і даў мне выпіць. — Хлапцы прыйдуць пазней.

Ён выйшаў з пакоя, а я зноў заснуў. Другі раз прачнуўся ўвечары. У маім пакоіку было цёмна. Праз прыадчыненыя дзверы пачуў галасы сваіх сяброў. Гукнуў іх. У пакой увайшлі Юлік Вар’ят і Пятрусь, уносячы запаленую лямпу.

— Як ты сябе адчуваеш? — запытаўся Юлік.

— Выспаўся?.. — дадаў Пятрусь.

— Безумоўна… Выспаўся…

— Я думаю!.. Доўга спаў!.. Ой, доўга! — прамовіў Юлік.

— Як я апынуўся тут?

Сябры зірнулі адзін на аднаго, а Юлік запытаў:

— Дык ты нічога не памятаеш?

— He… Праўда, памятаю Капітанскую Магілу і… здань… Размаўляла са мной.

Усміхнуўшыся, Пятрок прамовіў:

49