Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 48


К оглавлению

48

Цягнік прастаяў даўгавата. Я нецярпліва чакаў яго адыходу. Нарэшце той крануўся наперад.

* * *

Пад раніцу я прыехаў у Оршу. Вылез са сваёй схованкі і падаўся да паравоза. З падслуханай размовы чыгуначнікаў даведаўся, што цягнік не пойдзе далей. Тады я накіраваўся па рэйках наперад, усё больш аддаляючыся ад станцыі.

He хацеў, каб дзень заспеў мяне ў Оршы: ведаў — тут узмоцненая служба Чэка і міліцыі. Едучы цягніком, я вымушаны быў сядзець у сваёй схованцы нерухома, і холад даймаў мяне. Зараз жа стараўся разагрэцца хуткай хадзьбой.

Калі пачало днець, адышоў ад Оршы на 10 кіламетраў. Цяпер адчуваў сябе ў большай бяспецы. Аддаліўся больш дзесяці кіламетраў ад месца маіх уцёкаў.

Хацеў дабрацца да наступнай чыгуначнай станцыі за Оршай, таму ўсцяж крочыў наперад: то сцяжынкамі ля рэек, то па выбітых коламі вазоў дарогах. Калі здалёк заўважаў якія-небудзь будынкі, абыходзіў іх зводдаль.

Праз некалькі гадзін дабраўся да станцыі. He падыходзіў лішне да вакзала, а падаўся ў лес. Там залез у зараснік кустоў і лёг спаць.

З набліжэннем цемры абышоў станцыю і ўзабраўся на палатно. Вечар быў цёплы. Прылёг непадалёку ад рэек і пачаў чакаць любога цягніка, які ішоў бы ў напрамку Менска.

Надакучваў голад, але есці нічога не меў. Грошай таксама не было.

Толькі пасля поўначы падышоў пасажырскі цягнік. Прыпыніўся на станцыі. Па вузкай жалезнай драбінцы, прымацаванай да задняй сцяны вагона, я ўзлез наверх і распластаўся на страсе. Неўзабаве цягнік рушыў ад станцыі. Вецер свісцеў у маіх вушах. Вагон гайдаўся справа налева. Зрэдку абсыпаў мяне рой залатых іскраў, якія выляталі з паравознай трубы.

Калі цягнік прыпыняўся на станцыях, я ссоўваўся на процілеглы ад вакзала край страхі, каб мяне немагчыма было заўважыць з перона. Здранцвелі рукі. Было вельмі холадна. Дрыжэў усім целам, аднак не прыпыняў падарожжа. Калі выехалі з Барысава, пачало світаць, а ў Смалявічах я вымушаны быў пакінуць цягнік, бо мяне маглі ўбачыць людзі… Вырашыў не рызыкаваць. He хацелася папасціся пасля ўсяго перажытага.

Цягнік панёсся далей, а я пакрочыў уздоўж рэек. Да Менска заставалася больш 40 кіламетраў. Голад усё мацней даймаў мяне. Адчуваў моцную слабасць. Калі нахіляўся, то ў вачах цямнела.

Ідучы па рэйках, у пэўным месцы ўгледзеў будку дарожніка. Дзверы ў яе былі адчыненыя. Прыкмеціў усярэдзіне будынка жанчыну, якая ў балеі мыла бялізну. Каля парога гуляла двое дзетак. Хвіліну вагаўся, а потым… пайшоў да хаткі.

— Добры дзень! — прывітаўся з гаспадыняй.

— Добры дзень! Што скажаце?

— Можа, гаспадынька дасць мне што-небудзь з’есці!

— А адкуль вы?

— Я з Менску. Быў у Смаленску на рабоце, а зараз вымушаны вяртацца дахаты… Купіў білет да Барысава, бо не хапіла мне грошай на дарогу… Два дні ўжо не еў.

Будка дарожніка была раздзелена перагародкай на дзве палавіны. Пад час маёй размовы з гаспадыняй малыя дзверцы ў перагародцы адчыніліся і адтуль паказаўся мужчына гадоў 50. У яго быў дробны твар з хітра прыплюшчанымі вачыма. Дарожнік уважліва агледзеў мяне і звярнуўся да жонкі:

— Дай яму, Даша, што-небудзь з’есці. Пакармі яго добра!.. Я зараз вярнуся… Вы сядайце… адпачніце! — кінуў мне гаспадар.

Я прысеў на табурэт з краю стала, аднак адчуваў сябе неспакойна. He спадабаўся мне погляд дарожніка. А словы, якія сказаў жонцы, здаліся падазронымі. Нахіліўшыся да вакенца, я зірнуў у яго. Убачыў, што дарожнік, спяшаючыся, крочыў у напрамку нейкіх забудоў, стрэхі якіх праглядалі ўдалечыні праз верхавіны дрэў. Некалькі разоў азірнуўся і яшчэ хутчэй пашыбаваў наперад.

Жонка адрэзала ад паловы буханкі вялікую лусту і паклала яе на стале. Я ўзяў хлеб і пачаў паспешліва есці.

— Зараз дам вам малака!

Зняла з паліцы збанок і наліла малака ў кубак. З прагнасцю яго выпіў. Жанчына наліла мне яшчэ адзін кубак. Я працягваў пазіраць у вакно. Еў хлеб, піў малако і сачыў за дарожнікам, які ўсё больш набліжаўся да купіны дрэў з будынкамі. Тады, паклаўшы недаедзены хлеб у кішэню, вымавіў:

— Вельмі вам удзячны, гаспадынька, за хлеб і малако. Калі хочаце, дык пакіну вам гэтую куртку, што на мне, бо не маю грошай…

— He, нічога не трэба… Але ж куды вы?.. Зараз зрыхтую абед!

— He маю часу чакаць!

— Дык усмажу яечню.

— Дзякую, яечню не люблю… Да пабачэння!

Хутка выйшаў з хаты дарожніка і пакрочыў у адваротным напрамку, у бок Смалявіч. Калі адышоўся досыць далёка, азірнуўся. Кабета стаяла на рэйках і глядзела мне ўслед. Далей чыгунка рабіла паварот: апынуўшыся там і не пакідаючы за сабою слядоў, я збег з палатна і падаўся да хмызоў, якія раслі ўскрай лесу. He паказваючыся на адкрытых мясцінах, хутка пайшоў назад. Адначасова назіраў за чыгункай.

Ідучы па лесе, параўняўся з будкай дарожніка. Убачыў трох чалавек, якія таропка крочылі ад тых будынкаў лясной сцежкай. Гэта быў дарожнік з двума мужчынамі ў вайсковай форме. Непадалёку ад будкі яны ўзабраліся на палатно. Да іх кінулася жонка дарожніка. Нешта расказала, паказваючы рукой у напрамку, у якім я перад тым аддаліўся. Яны хуткімі крокамі накіраваліся туды. А я падаўся далей, стараючыся трымацца бліжэй лесу, але і не адыходзячы занадта далёка ад рэек.

Перабраўся праз нейкую рэчку, апалудні апынуўся непадалёк станцыі Калодзішчы. Тут увайшоў у лес і вырашыў застацца ў ім да вечара.

Калі над зямлёй запанавала ноч, я дабраўся да Менска. He заходзячы ў горад, праставаў нацянькі праз палі, ідучы спачатку на захад, а пасля на паўднёвы захад. Праз чатыры гадзіны ўзбіўся на тракт з Менска да Ракава. Знаходзіўся блізка ад вёскі Яркова, у 9 кіламетрах ад Менска. Тут спусціўся з высокай гары ўніз. Ведаў, што там знаходзіцца студня, хацеў наталіць смагу. Выцягнуў жураўлём са студні абкутае жалезам драўлянае вядро, доўга піў. Пасля рушыў далей у дарогу. Досыць хутка крочыў прыдарожнымі сцежкамі, стараючыся не губляць з вачэй тракт.

48