Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 47


К оглавлению

47

«Можа, апусціць вакно?» — падумалася.

Аднак, разважыўшы, адкінуў гэты план. Адчыняючы вакно, мог бы разбудзіць каго-небудзь з аховы, і тады б усё пайшло намарна. Зноў выглянуў на калідор. Здаля ўбачыў постаць чалавека, што набліжалася да нас. Гэта быў салдат, які, накінуўшы на плечы шынель, крочыў да выхаду, асцярожна пераступаючы праз сонных людзей. Падыходзіў усё бліжэй. Быў ужо каля мяне. Адчыняючы дзверы, адсоўвае на бок калена салдата з нашай аховы, які расплюшчвае вочы і ўглядаецца ў яго.

— Што-о?

— Нічога, таварыш… Адсуньце ногі!

Чырвонаармеец дазваляе прайсці, уладкоўваецца на лаўцы, плюючы некуды на сцяну, засоўвае рукі ў кішэні шыняля і голасна пазяхае. Потым, нахіліўшыся наперад, уважліва аглядае аддзяленне. Я прыкідваюся, што сплю. Салдат зноў упіраецца плячыма ў сцяну і заплюшчвае вочы. Рамень ад карабіна ён перакінуў праз калена, а рулю ўсадзіў паміж ног. Забыўся загарадзіць імі дзверы… А можа, хацеў пачакаць таго чырвонаармейца, які за хвіліну да гэтага выйшаў з вагона.

Пільна ўзіраюся ў салдата. Вырашыў, што буду ўцякаць нават у самай непрыдатнай сітуацыі, але стараюся дачакацца лепшай. Праз хвіліну заўважыў, што галава салдата пачала ападаць на грудзі.

Падымаюся з месца. Раблю два крокі з аддзялення на калідор, затым крок наперад. Павольна націскаю клямку і адчыняю дзверы. Шырэй… шырэй… Гляджу на твар салдата. Той раптоўна, нібы адчуўшы мой позірк, расплюшчвае вочы. Утаропіўся ў мяне мутным позіркам. Я зрабіў хуткі рывок наперад.

— А ты куды?!. А?.. Сто-ой!..

У гэты ж момант, затрэснуўшы за сабой дзверы, я скокнуў наперад. Адчыніў дзверы, якія вядуць на пляцоўку, і маланкава зачыніў іх. У той жа момант расчыніліся дзверы з вагона, і я чую нялюдскі крык:

— Товарщи!.. Бегут!.. Вставайте!.. Товари…

Я кінуўся да дзвярэй, якія вялі з пляцоўкі на вагонныя прыступкі. Моцна націскаю на ручку і піхаю дзверы наперад… He паддаюцца. Праз імгненне апамятаўся: дзверы адчыняюцца ўсярэдзіну, а я піхаю іх вонкі. Ірву іх на сябе. Дзверы адчынены. Ззаду цемру працінае шырокая паласа святла. На пляцоўку ўвальваюцца ўзброеныя людзі. Чую іх галасы:

— Стой, дрэнь!.. Стой!..

Перада мной чорная ноч, засеяная залатымі кропкамі зорак. Раблю моцны кідок наперад у густы, таямнічы змрок…

Падаю ў паветраны віхор. Мяне круціць і адкідвае некуды набок. Сэрца замірае ў грудзях. На момант у вачах бліснула доўгая светлая палоска, а потым усё знікла ў цемры і цішы… глыбокай цішы…

4

He магу зразумець, што адбываецца. Толькі адчуваю, што задыхаюся, што ў мой рот лезе ліпучая, густая твань. У роспачы рвануўся направа, налева, угару… Нарэшце ўкленчыў… Аддыхаўся… Адчуў, як у лёгкія ўліваецца паветра.

Доўга заставаўся нерухомым. Тулава завязла ў балоце, галава — на паверхні. Выцягваю з балота рукі. Далонямі абцёр твар і вочы. У некалькіх сотнях крокаў ад сябе ўбачыў зверху доўгі шэраг жаўтавых агеньчыкаў. Гэта быў цягнік, які затрымалі адразу пасля майго скоку з вагона. Заўважыў, што ўздоўж чыгуначнага насыпу рухаюцца іншыя, меньшыя, але больш яркія светлячкі. Гэта былі ліхтары ў руках людзей — мяне шукалі непадалёку ад каляіны.

Я пачаў выбірацца з балота. Падняўся. Зноў ледзь не праваліўся ў твань. Зрабіў два крокі, намацаў рукамі бераг рва. Вылез з балота і памалу адышоў на дзесятак крокаў ад месца, куды ўляцеў, коцячыся з высокага насыпу. Магчыма, гэта змякчыла маё прызямленне, але я ледзьве не задыхнуўся ў балоце.

Узабраўся на нейкі пагорак і, самотны, седзячы ў полі, пазіраў у напрамку чыгункі. Святло ад ліхтароў доўга поўзала ўздоўж насыпу, а пасля пачало сунуцца назад. Чуў узбуджаныя галасы, аднак слоў не мог разабраць.

Разнёсся паравозны гудок… моцны, працяглы, настойлівы. Светлячкі каля насыпу пачалі варушыцца хутчэй. Наблізіліся да агнёў у вокнах вагонаў. Цягнік зноў свіснуў, і доўгі пас святла паплыў у змрок, праз хвіліну зліўся ў рухлівую агністую пляму і хутка знік у цемры.

Я падняўся. Адчуваў сябе яшчэ прыгаломшаным. Хістаўся на нагах. Пайшоў у напрамку да нябачнай у змроку чыгункі. Мой шлях загарадзіў роў. Перабраўся на другі бок. Яго шырыня была каля 2 метраў, а даўно нячышчанае дно зарасло 70–90-сантыметровым пластом рэдкага балота. Апынуўся каля стромістага насыпу. З хвіліну разважаў: ці крочыць верхам па рэйках, ці долам? «Там я магу кагосьці напаткаць! Лепей будзе сюдой!» — падумаў я.

Паглядзеў на неба: на яго паўночнай частцы была добра відаць Вялікая Мядзведзіца. Нахілены ўніз «дышаль» паказваў мне накірунак на захад.

Павольна пакрочыў наперад. Зрэдку затрымліваўся, прыслухоўваўся і некалькі разоў абыходзіў дарожныя домікі. Зводдаль абмінуў нейкі чыгуначны паўстанак.

Праз дзве гадзіны заўважыў здалёк станцыю. Пайшоў марудней. Каля вакзала прыкмеціў шмат будынкаў. Гэта быў нейкі пасёлак. Абмінуўшы будынкі, зноў апынуўся ля рэек. Тут прысеў на стос старых шпалаў і адпачываў. Разлічваў дачакацца якога-небудзь цягніка, каб ім ехаць далей. Гэта была мая адзіная надзея: бо за ноч змог бы прайсці 30–40 кіламетраў, а цягніком за гэты ж час можна праехаць 250–350 кіламетраў.

Вырашыў не ісці, а чакаць тут хоць бы да раніцы. Аднак нават раней, чым спадзяваўся, пачуў удалечыні паравозны гудок. На станцыю выехаў таварны цягнік.

Я накіраваўся да станцыі і пакрочыў уздоўж цягніка. Пакідаючы вакзал з другога боку састава, хаваючыся ў цені вагонаў, краўся па рэйках. Убачыў некалькі доўгіх платформаў з страявым лесам. Узабраўся на адну з іх і схаваўся паміж канцамі бярвенняў у шчыліне каля нізкага борта платформы. Адсюль можна было выдатна аглядаць усё, што адбывалася навокал. А на выпадак небяспекі мог бы ўцячы ў любым напрамку.

47