— Магчыма, і ты хутка вызвалішся?
— He ведаю. Магу атрымаць некалькі гадоў Допра.
— Я чула, што Першага мая будзе аб’яўлена амністыя.
Спатканне кончылася хутка. Адведкі Лёні надалі мне сілы. Зрабілася весялей. Я не адчуваў сябе такім бездапаможным, забытым. Апрача таго, пачаў лепей харчавацца, бо Лёня ведала, які голад пануе ў турме, і прывезла мне шмат хлеба, сухароў, сала, сыроў.
Праз тыдзень зноў атрымаў перадачу ад Лёні, аднак яе не пабачыў. Магчыма, што не мела часу, а можа, і не далі дазволу на спатканне.
На пачатку траўня прысудам Рэўтрыбунала мяне прыгаварылі за перамытніцтва да трох гадоў высылкі ў ніжнегародскую губерню. Mae грошы канфіскавалі. Я прадбачыў такі вырак і таму не быў здзіўлены. Нават хацеў ехаць у высылку, чым адбываць пакаранне ў Допры. Вырашыў пры першай магчымасці збегчы з месца высылкі.
Пасля суда Лёня зноў адведала мяне. Сказала, што будзе матэрыяльна падтрымліваць мяне, а калі з’явіцца вольны час, то адведае і там. Прасіла, каб часта пісаў лісты. Адзначыла, што зараз я выглядаю нашмат лепей, чым раней. Сапраўды, адчуваў сябе значна здаравейшым, чым дагэтуль. Пухліна спала з ног… Найгоршая хвароба — гэта голад. А найлепшыя лекі ад яго — гэта ежа… абы толькі каб не запозна.
У камеры хлапцы кажуць, што мяне могуць неўзабаве перавезьці этапамі на месца высылкі. Даюць розныя практычныя парады. Кажуць, каб уцякаў з цягніка па дарозе. Пра гэта думаю зараз увесь час.
У сярэдзіне мая мне загадалі сабраць свае рэчы і адвялі ў канцылярыю. Каля брамы заўважыў экскорт: восем салдат і малодшага афіцэра з трыма трохкутнікамі на рукаве.
Арыштаваных было шэсць. Адзін у Смаленск. Трое ў Маскву і двое да Ніжняга Ноўгарада. Першы этап быў у Смаленску.
Пасля выканання ўсіх фармальнасцяў у астрозе нас адвялі на вакзал. У вагоне мы занялі два аддзяленні. У кожным з іх размясцілася па чатыры салдаты і тры арыштанты. Камендант аховы пайшоў на вакзал праштампаваць падарожныя дакументы. Я меў пры сабе крыху грошай, якія Лёня пакінула для мяне ў турэмнай канцылярыі. Папрасіў начальніка купіць мне два пачкі папяросаў, запалкі, а з рэшты харчоў — булак і каўбасы. Афіцэр аддаў грошы салдату і паслаў яго да кіёскаў, размешчаных на пероне. Салдат прынёс мне пяцьдзесят папярос, пачак запалак, некалькі булак і крыху каўбасы.
— Купіў на ўсе! — прамовіў чырвонаармеец.
— Добра. Дзякую!
Пачаў падсілкоўвацца. Таварышам майго падарожжа даў крыху каўбасы, булак. Тыя падзялілі паміж сабой.
У гадзіну дня цягнік рушыў у дарогу. Я сядзеў на лаўцы паміж двума чырвонаармейцамі, а насупраць нас сядзелі два салдаты і два арыштанты. Наша купэ было першым ад тамбура. Яго адгароджваў вузкі калідор. Уздоўж па вагону, з левага боку, ішоў доўгі, досыць шырокі праход, які злучаў сабой усе аддзяленні. Другая палова аховы і рэшта арыштантаў размясціліся за намі.
Вагон быў перапоўнены. Аддзяленні былі напханыя людзьмі да краёў. У праходзе наставілі куфраў, кашоў, мяшкоў. Людзі пазалазілі на палкі. У паветры перакрыжоўваліся крыкі і праклёны. Нарэшце ўсе прыстасаваліся і пачаліся размовы, жарты.
Непадалёку ад Барысава ў вагон зайшоў чыгуначны кантроль Чэка. Правяраючы дакументы пасажыраў, чэкісты падышлі да нас. Камендант аховы падаў ім падарожныя дакументы. Прамовіў:
— Разам са мной дзевяць чалавек аховы і шэсць арыштантаў…
Чэкісты праверылі дакументы, агледзелі нас і пайшлі далей.
У Оршы зноў прыйшоў кантроль Чэка.
Калі выехалі з Оршы да Смаленска, пачало змяркацца. Гледзячы праз вакно вагона наўскасяк угару, заўважыў на небе Вялікую Мядзведзіцу… Так даўно не бачыў яе!.. Прыгадала мне столькі вясёлых і сумных рэчаў, выклікала столькі думак. Доўга ўзіраўся на яе, пакуль адзін з салдатаў не загадаў мне адсунуцца ад вакна.
— Глядзі, глядзі, нічога табе гэта не дапаможа!.. He выскачыш!..
— Я нічога… я на зоркі пазіраў…
— Зоркі?.. Вось тут зоркі! — чырвонаармеец стукнуў даланёй па будзёнаўцы, на якой была спераду нашыта выразаная з чырвонага сукна вялікая пяціпраменная зорка.
Астатнія салдаты рассмяяліся. Я адсунуўся ад вакна. Чырвонаармейцы курылі і без вялікага жадання размаўлялі. Mae сябры, што сядзелі супраць на лаўцы, паснулі. Салдаты драмалі. Яны дамовіліся, што будуць па чарзе ўдвух пільнаваць нас.
Прыйшоў малодшы камандзір і загадаў:
— Ну, «ребята», не заснуць!.. Будзьце пільнымі!..
— Будзьце спакойнымі. He заснём! — адгукнуўся адзін з чырвонаармейцаў.
— Ну, ну!..
Малодшы камандзір пайшоў у суседняе аддзяленне.
Набліжалася поўнач. Да Смаленска засталося некалькі станцый. Прыкінуўшыся, што сплю, я сачыў за аховай. Трое салдат заснула: толькі адзін, той, што сядзеў каля выхаду, паставіў ногі так, каб ніхто не змог выйсці з вагона на тамбур, не зачапіўшыся за яго. Ён таксама драмаў, аднак час ад часу прыадплюшчваў вочы, акідваў позіркам аддзяленне і пасля зноў засынаў. Раз-пораз з вагона хто-небудзь выходзіў у калідор, дзе была прыбіральня, і тады ён прымаў свае калені з дарогі, дазваляючы адкрыць дзверы.
Наша аддзяленне напалову хавалася ў цемры. Наўскасяк сюды трапляла толькі святло ад насценнага ліхтара, падвешанага ўверсе на калідоры. Там гарэла свечка.
У нейкі момант, нахіліўшыся з аддзялення далёка ўправа, зірнуў у калідор. Ён да краёў быў завалены людзьмі, якія спалі на падлозе. Дзе-нідзе чулася ціхая гамана. Зразумеў, што тудой будзе цяжка дабрацца да выхаду з вагона. Акрамя таго, існавала небяспека — салдаты і афіцэр, якія пільнавалі арыштантаў у наступным аддзяленні і маглі не спаць, заўважылі б мяне. Адсюль я не мог заўважыць, што там робіцца, але чуў нейкія шоргаты нагамі і шолахі.