— Бо пакутую за тое, што зайшоў да мяне запытацца пра дарогу… Магчыма, на мяне ў крыўдзе!..
— Бо сядзіць тут за вас, а вы за яго… Квіты… Зрэшты, аддайце яму…
Лёня хутка разгарнула паперу і выняла адтуль амаль два кіло каўбасы і вялікую буханку. Потым мяне адвялі назад у камеру. Там, раздзяліўшы яду на адзінаццаць частак, раздаў усім. Жыд нічога не ўзяў. Афіцэр таксама не хацеў браць, але, заўважыўшы, што гэтым крыўдзіць мяне, узяў сваю долю.
Цяпер мне было весялей… З’явілася надзея, што ў бліжэйшыя дні мяне перавядуць у Допр. Гэта самае сцвярджалі астатнія арыштанты.
«Двойка» — гэта прасторная камера. У ёй два вялікія вакны. Калі ж стаць на падваконнік і выпрастаць угару рукі, то немагчыма дацягнуцца да верхняй часткі рамы. Да сцен прымацавана 17 лежакоў. Днём яны падымаліся ўгару, тады ўтваралася шмат месца для хадзьбы. Пасярод камеры стаіць вялікі стол на казлах. У сцяне ёсць шафка для пасуды. Падлога бетанаваная. У правым куце камеры стаіць вялізная, абітая бляхай печка.
Нас тут сядзіць семнаццаць чалавек. Некалькі зладзеяў. Некалькі бандытаў. Некалькі сялян, якія маюць адну справу — яны абвінавачваюцца ў забойстве. Ёсць адзін чыгуначнік: украінец, з Палтаўшчыны. Яго прозвішча Калбенка. Сядзіць за спекуляцыю. У службовым вагоне перавозіў рэчы «мяшэчнікаў».
I тут голад паклаў на ўсіх свой адбітак. Вязні рухаюцца павольна, яны заспаныя, апатычныя. У некаторых апухлыя твары, у іншых — ногі. Вошай і тут поўна.
Спачатку я адчуваў сябе як напалову вызвалены. Камера была светлая, паветра чыстае. Хадзіў на шпацыр. Гуляў з іншымі вязнямі самаробнымі картамі. Потым прызвычаіўся да ўсяго новага.
З дня на дзень сілы ў мяне меншалі: пачалі апухаць ногі. А за вокнамі, за мурамі вясна была ў росквіце. Сонечныя праменні залівалі дзядзінец астрога. Некаторых вязняў адпусцілі. Іх месцы занялі новыя.
Мяне забіваў сум па свабодзе… Заўважыў, што арыштанты, якія часта сядзелі ў турмах, не смуткавалі ўвогуле. Яны заўсёды ўмелі знайсці сабе нейкі занятак: гулялі ў карты, у рамса, ці размаўлялі пра розныя рэчы. Гэтыя гутаркі звычайна круціліся каля некалькіх галоўных тэм: ежы, «работы», жанчын, судовых спраў, турэмнай адміністрацыі. Гэтыя размовы мяне даставалі. Страшэнна сумаваў па волі і худзеў усё больш… Звычайна садзіўся на падваконнік і гадзінамі глядзеў у далёкі нябесны блакіт. Пра што я тады думаў?.. He ведаю… Забываўся тады пра ўсё. Праз пэўны час мяне вяртала да жыцця нейкая звада ці песня Жабы.
Неяк раз да мяне падышоў Бласт. Гэта быў смаленскі злодзей.
— Ты, хлопец, так не задумвайся… «змінінгіцішся»!.. У вакно таксама не глядзі!.. Сабака іх дзяры!.. А галоўнае, не думай, бо звіхнешся!..
— Што ж рабіць?
— Гуляй у карты!.. Спявай!.. Рабі што-небудзь… Я некалі таксама… Гэта нічога…
Увечары, пасля «паверкі», мы апускалі лежакі і клаліся спаць.
— Ну, тры званкі да «пайкі»! — казаў хто-небудзь з вязняў.
У гэты момант усе праглыналі сліну, падумаўшы пра ранішнюю двухсотграмовую порцыю дрэннага, кепска выпечанага хлеба. Скарынку мы аддзялялі асобна, а сыры мякіш лыжкай накладалі на яе. Гэта заўсёды нагадвала мне пірожнае альбо вафельнае марожанае. Найбольш хутка для мяне мінала ноч. Адразу засынаў цяжкім сном, поўным трывожных і галодных мрояў. Калі прачынаюся, першае адчуванне: голад, першая думка: «Два званкі да пайкі!»
Калі атрымлівалі сваю порцыю хлеба, у кожнага з нас трэсліся рукі. Можна было ў адзін момант з’есці сваю долю, але кожны не спяшаючыся, павольна адкусваў ад хлеба невялічкія кавалачкі. He марнавалася ніводная крошка, зрэшты, і крошак не было, бо хлеб заўсёды быў недапечаны. Пасля снядання ўсе думкі віліся вакол абеду… У чаканні абеду праходзіла шмат доўгіх, нудных гадзін. Нарэшце мы набіраем у вялікія «бачкі» рэдкае з пахам варыва — суп з сушаных буракоў ці памерзлай бульбы. Адзін бачок на шэсць чалавек. Пачыналі есці, а дакладней, піць з лыжак, рэдкую, мутную гарачую пахлёбку. Абпякалі сабе вусны і горла, аднак з’ядалі ўсё вельмі хутка. На нейкі час цела ахутвала прыемным цяплом і прыходзіла ілюзія поўнай сытасці. А праз квадру гадзіны з’яўляліся яшчэ мацнейшыя патрабаванні страўніка: есці! есці! есці!.. Страўнік нельга было ашукаць. Вячэра была яшчэ горшая. Як казалі арыштанты: «Даюць піць і папіць!»
Аднойчы, у дзень наведвання, а дзесятай гадзіне, мяне выклікалі ў калідор. Гэта здарылася ў канцы красавіка. Павялі ў пакой для сустрэч. Там стаяла шмат людзей мізэрнага выгляду. Доўгі пакой быў пасярод разгароджаны на драцяныя перагародкі, паміж якімі знаходзіліся наведвальнікі.
Калі пачаліся размовы, пакой напоўніўся плачам, лямантам, крыкам, у якім цяжка было што-небудзь пачуць. Падышоўшы да сеткі, стараўся разгледзець там кагосьці са знаёмых. Думалася, што нехта з ракаўскіх хлопцаў пры дапамозе сваякоў ці знаёмых у Менску атрымаў дазвол на сустрэчу са мной. Адразу убачыў радасную ўсмешку і вясёлыя вочы Лёні. Прывітаўся з ёй. Стараючыся перакрычаць іншых, пачаў «размаўляць»:
— Што ў цябе чуваць? — запытаўся ў Лёні.
— Мяне выпусцілі!
— Ты зусім вольная?
— Я дала «распіску», што не пакіну месца жыхарства і з’яўлюся на кожнае пажаданне ўладаў…
— Дорага каштавала?
— Так… Але нічога… Я не збяднела…
— Ты добра выглядаеш!
— Але ты зблажэў!
Бездапаможна развёўшы рукамі, вымавіў:
— Няма ад чаго таўсцець: штодня 200 грамаў хлеба.
— Прывезла табе перадачу… Буду прыязджаць кожны тыдзень… На кожны кірмаш…
— Дзякуй табе.