Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 44


К оглавлению

44

Стаю ля вакна з Умэнскім, гаспадаром мяліны з-пад Койданава. Размаўляем пра перамытніцтва і пра тое, што зараз «ідзе» ў Саветах, а што ў Польшчы.

У камеру заходзіць «карнач» разам з некалькімі чырвонаармейцамі. Хвіліну глядзеў на нас, пасля прамовіў:

— Хто хоча ехаць у горад па муку?

Лобаў рвануў наперад.

— Я!..

— Занадта прыткі! — адказвае карнач.

Агледзеў усіх нас, потым павярнуўся да Бзіка.

— Ну, ты, хадзі!.. I ты, таксама… — тыцнуў пальцам у грудзі Буню. — Трэба папрацаваць, бо толькі дарэмна хлеб жраце.

Выйшлі з камеры.

Праз дзве гадзіны мы пачулі на калідоры грукат крокаў і праклёны. Дзверы ў камеру адчыніліся, і ўсярэдзіну ўпіхнулі Буню. Ён быў перапалоханы. З бязрадна разведзенымі рукамі доўга стаяў нерухома ля парога. Пасля прамовіў:

— Ах ты, доля, доля!.. I за што нас так душаць?

Здзівіла нас тое, што не вярнуўся Бзік. Пачалі пытацца пра яго ў Буні. Даведаліся, што яны паехалі на вялікай грузавой машыне, з чатырма салдатамі да вайсковых складаў. Там пагрузілі некалькі дзесяткаў мяшкоў мукі і вырушылі назад. Непадалёку ад моста праз Свіслач, на вуліцы Вясёлай, Бзік скочыў з машыны і пачаў уцякаць у бок рэчкі. Спынілі машыну. Чырвонаармейцы пачалі абстрэльваць уцекача. Двое пагналіся за ім наўздагон. Але, скарыстаўшы цемру, той уцёк ад іх. Буню прывезлі назад і тут на калідоры збілі. Салдаты заявілі, што ён дапамагаў ва ўцёках Бзіку.

Гэтая навіна зрабіла на нас вялікае ўражанне. Пачалі шырока абмяркоўваць уцекача. Амаль кожны казаў, што даўно ўжо ведаў пра сімуляцыю Бзіка. Хлусілі. Усе лічылі яго «кранутым» і адносіліся, як да вар’ята.

— Эх, братцы! — прамовіў з жалем Лобаў. — Шкада, што мяне не ўзялі. Я таксама зрабіў бы гэты фінт. He маю тога шчасця, хлапцы! Трэба будзе каўкнуць тут!

Жаба, седзячы на нарах, працягваў тонкім, скрыпучым, жаласным галаском выцягваць:


Ох ты, мама моя дорогая,
Ох, зачем же родила меня?

— А гэты енчыць! — моршчыцца Лобаў.

— He падабаецца — не слухай! — кідае Жаба і спявае далей, падпёршы даланёй шчаку і хістаючы галавой то ўлева, то ўправа.

Ноччу я не мог спаць. Заядалі клапы і вошы. Дакучаў голад. Паліла гарачка. У думках чапляўся за слабую надзею — можа, хутка перавядуць мяне ў Допр.

За вокнамі чуў булькат вады, што сцякала па рынах… Ідзе вясна. Нясе новае жыццё, абуджае новыя надзеі. А ў нас чорна, брудна, галодна. Пакінутыя ў страшнай, агіднай камеры, павольна, гадзіна за гадзінай, паміраем тут… Шчаслівы Бзік! Дзе ён зараз?!. Магчыма, сядзіць на мяліне, а магчыма, крочыць палямі і лясамі, пад покрывам ночы…

Заснуў я пад раніцу.

* * *

Назаўтра, каля першай гадзіны дня, мяне выклікалі наверх. У экскорце двух чырвонаармейцаў увайшоў у кабінет Нядбальскага. Следчы загадаў мне стаць каля дзвярэй і сам выйшаў з пакоя. Праз хвіліну вярнуўся. Услед за ім чырвонаармейцы са штыкамі на карабінах канваіравалі панурага, крыху сагнутага, нахіленага ўперад высокага чалавека. Адразу пазнаў у ім Цвіка.

Нас паставілі насупраць.

Нядбальскі звярнуўся да Цвіка.

— Ведаеш яго? — паказаў на мяне пальцам.

— Калі ён ведае, дык і я яго ведаю, калі не ведае, дык і я яго не ведаю!

Нядбальскі тупнуў нагой.

— Ну ты, не мудры!.. Адказвай на пытанне!

— А ты не верашчы! He баюся я цябе… Бабу сваю палохай! — адказаў Цвік.

— Ведаеш яго? — запытаўся мяне Нядбальскі, тыцнуўшы пальцам у Цвіка.

— Ведаю.

— Адкуль ведаеш?

— Гэта наш хлопец з Ракава.

— I я яго ведаю, — адказаў Цвік, якога і не пыталіся.

— Чаму раней маўчаў? — прамовіў Нядбальскі.

— Бо я не твой агент… Можа, ён, — Цвік кіўнуў галавой у мой бок, — не хацеў, каб я яго пазнаў.

Нядбальскі загадаў салдатам вывесці Цвіка. Потым я даведаўся, што Цвік сядзіць у Допры, адкуль яго прыводзілі для вочнай стаўкі.

Праз два дні гэта паўтарылася з Лёняй. Адразу па абедзе мяне паклікалі з камеры. Калі ўвайшоў у кабінет Нядбальскага, Лёня ўжо была там. Сядзела ў крэсле зводдаль ад стала. Салдаты, якія яе канваіравалі, засталіся за дзвярыма. Следчы нешта казаў ёй і смяяўся. Лёня паводзіла сябе стрымана. Выглядала добра. Была апранутая ў цёмнае паліто з вялікім футраным каўняром. У руках трымала ладны скрутак.

Разам з канвоем я прыпыніўся ля дзвярэй. Нядбальскі некалькі хвілін праглядаў паперы, а пасля кіўнуў галавой.

— Падыдзі сюды.

Я падышоў да стала.

— Ведаеш гэтую жанчыну? — запытаўся Нядбальскі.

— Так. Ведаю.

Нядбальскі, прыплюшчыўшы вочы, уважліва паглядаў на мяне. Лёня, відавочна, не чакала такога адказу і была здзіўлена.

— Адкуль ведаеш?

— Зайшоў да яе запытацца пра дарогу, там мяне і арыштавалі.

— А раней быў у яе?

— He.

— Магчыма, ведаеш што-небудзь пра пункт, які яна трымала?

— Нічога пра гэта не ведаю. Дарэчы, яна жыве пад Менскам, а там пунктаў няма! — хлусіў я, каб палегчыць Лёніну сітуацыю на допытах.

— Адкуль ты пра гэта ведаеш?

— Ад хлопцаў ведаю.

— Дык яе ты не ведаеш увогуле?

— He ведаю.

Следчы звярнуўся да Лёні.

— А вы, грамадзянка, ведаеце яго?

— Зусім не ведаю. Але шкада мне яго. Такі малады хлапец і сядзіць!..

— А вы любіце «такіх маладых хлопцаў»? — з іроніяй запытаў Нядбальскі.

— Я не таму… Кожнага чалавека шкада… Турма не мёд!

Лёня на хвіліну спынілася, а потым звярнулася да следчага.

— Можа, таварыш следчы дазволіць мне перадаць арыштаванаму крыху яды? Ён так кепска выглядае!..

— Чаму грамадзянка пра яго так клапоціцца?

44