— Куды хадзілі з таварам? — запытаў Нядбальскі.
— Я не ведаю, дзе гэтая мяліна, машыніст вадзіў нас ноччу і спалі заўсёды ў стадоле, не выходзячы з яе днём. Таму не ведаю, як выглядае хутар, дзе знаходзіцца і якое прозвішча маюць гаспадары… Яду прыносіла ў стадолу нейкая старая жанчына. Была ў доўгім жоўтым кажуху. Таварам займаўся машыніст.
— Мне здаецца, ты нешта махлюеш! — прамовіў Нядбальскі.
— Не хлушу, бо ведаю, што вас не аб’едзеш. Вы для гэтага занадта вопытны.
Нядбальскі ўсміхнуўся, падумаўшы, праз хвіліну вымавіў:
— А чаму прыйшоў на хутар Леаніды Бамбінскай? Яна ж таксама прымала кантрабандыстаў?
— Я не ведаю, ці прымала яна перамытнікаў, ці не. Я там заблудзіўся… Была моцная завея. Пагубляў сябраў. Усю ноч хадзіў і амаль не загінуў. Скінуў ношку, бо ўжо не мог ісці. Толькі пад раніцу ўбачыў нейкі хутар і зайшоў туды, каб запытаць пра дарогу.
Следчы з хвіліну разважаў. Пасля, гледзячы мне ў вочы, хутка задаў некалькі пытанняў, відавочна, каб мяне шакіраваць.
— Кажы, толькі праўду! Перамытнікі ў Менск ходзяць?
— He.
— Ваша «пачка» хадзіла?
— He.
— Ніколі?
— Ніколі.
— А навошта, калі гэта не было патрэбным, ты пытаўся пра дарогу да Менска!.. Ну?..
— Бо баяўся, каб гаспадыня не падумала, што іду з-за мяжы, і не паклікала людзей, каб арыштаваць мяне.
Праз нейкі час Нядбальскі вымавіў:
— А чаму, калі цябе арыштавалі, казаў розныя глупствы: што прыйшоў у Саветы, каб тут жыць, і што ў Польшчы табе было кепска?.. Як?..
— Бо баяўся, што мяне за перамытніцтва пасадзяць у астрог. А так думаў, што альбо дазволяць застацца тут, або перакінуць у Польшчу.
Нядбальскі доўга нешта запісваў, а потым зноў звярнуўся да мяне, пытаючы так, нібыта яго гэта не датычыла, аднак вочы былі хітравата прыплюшчаныя… Я адчуў пастку…
— Колькі разоў быў за мяжой?..
— Сёлета двойчы. За трэцім разам папаўся.
Доўгае маўчанне. Следчы марудна запальвае папяросу.
— Колькі грошай у цябе забралі?
— He памятаю.
Нядбальскі вымае папяровы шматок з папкі і чытае:
— 70 даляраў, 45 рублёў золатам і 18000 польскіх марак. Так?
— Так.
— Колькі зарабляў за дарогу?
— За ношку мне плацілі 15 рублёў.
— Добра! Дык за дзве ношкі трыццаць рублёў, а адкуль узяліся астатнія грошы? Ну, кажы?..
— Летась у лістападзе мы зрабілі агранду на тавар. На маю долю дасталося 400 даляраў.
— Што гэта такое — агранда?
— Неслі ў Польшчу тавар і ўцяклі разам з ім. А пасля прадалі…
— Які быў тавар?
— Скуркі. Алтайскія вавёркі. Я меў 380 штук.
Нядбальскі зрабіў перапынак у допыце. Загадаў мне стаць каля сцяны.
— Сачыце за ім! — кінуў чырвонаармейцам і выйшаў з кабінета.
Праз хвілін 20 вярнуўся.
— Ведаеш Цвіка? — запытаўся ў мяне.
— Ведаю. Гэта наш хлопец з Ракава.
— А ён цябе пазнае?
— А як жа?.. Пазнае. Бачыў мяне некалькі разоў.
Нядбальскі запісаў паказанні ў пратакол і даў мне іх падпісаць.
— Я яшчэ гэта праверу! — вымавіў на заканчэнне. I загадаў чырвонаармейцам адвесці ў камеру.
Браты Спландзінавы чакалі мяне. Падрабязна расказаў ім, як прайшоў допыт.
— Зараз усё будзе добра! — прамовіў Ян. — Шпіянаж табе адшыюць напэўна!
— Магчыма, праз пару дзён цябе разам з намі перавядуць у Допр. Там будзе лепей. Там нашых хлопцаў шмат, — прамовіў Мікола.
У гэтую ноч я доўга не засынаў. Было трохі весялей. Перад гэтым баяўся, каб мяне не асудзілі як шпіёна, за гэта, звычайна, прыгаворвалі да страты. А казаць праўду не хацелася з-за Лёні. Ведаў, што яе таксама арыштавалі. Са шматлікіх акалічнасцяў справы, пра якія мяне распытвалі раней, зрабіў выснову, што супраць яе няма ніякіх доказаў.
Чацвёртая гадзіна апоўдні. У камеры пануе паўзмрок. Бзік бесперапынку ходзіць ад дзвярэй да вакна і назад. Часам спыняецца і смяецца. Рагоча доўга, весела… Спачатку яго смех прымушаў смяяцца і нас. Потым толькі бянтэжыў, а зараз ужо прызвычаіліся да яго. Аднак я ведаю, што гэта сімуляцыя, і пакрыёма сачу за Бзікам. Прыкмеціў шэраг дробязяў, якія не заўважалі астатнія вязні, але якія яшчэ больш пераконвалі мяне, што ён прыкідваецца вар’ятам.
Лобаў скінуў з сябе шэра-жоўтую ад пота, брудную кашулю, расклаў яе на нарах і прасуе бутэлькай. Такім чынам адбываецца масавае знішчэнне вошаў.
Жаба, скруціўшыся на нарах і абхапіўшы худымі рукамі калені, напявае песню:
И вот собрались,
Как будто на подбор:
Она проститутка,
А он карманный вор.
Фэліцыян Кропка моршчыцца, нібы ад зубнога болю. На яго твары з’явіўся пакутлівы выраз, як гэта адбываецца звычайна, калі Жаба пачынае спяваць. Злодзей пераважна выконваў песні з вельмі цынічным зместам. Квалінскі ляжыць на нарах, утаропіўшыся ў столь. Часам закрывае вочы, тады ён становіцца падобным да нябожчыка.
А Жаба спявае:
Её как проститутку
По морде все бьют.
Его же как вора
В полицию ведут.
— Ах ты, доля, доля! — уздыхнуў Буня. Злез з нараў — вялікі, касцісты, страшэнна худы, пачаў тэпаць цяжкімі бахіламі па камеры.
Надыходзіць цемра. За дзвярыма гучаць крокі салдатаў і крыкі, якія далятаюць з глыбіні калідора.
— Некаму ў косці даюць! — кажа Спландзін.
— Выціскаюць звесткі! — пацвярджае Жаба.
Запальваецца святло. У камеры робіцца відней і… весялей. Усе пачынаюць варушыцца. Нават Квалінскі ўстае і праз недахоп месца на падлозе ходзіць па нарах. Толькі запалоханы жыд маўчыць, седзячы ў кутку: сёння не прынеслі абед, таму ён галодны і сумны.