Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 41


К оглавлению

41

— I застанешся тут назаўжды!.. але ў зямлі! Разумееш?.. — адгукнуўся Макараў.

He адказаў яму і нават не паглядзеў у той бок. Адчуў да гэтага чалавека агіду і нянавісць. Маё маўчання раздражніла яго. Макараў звярнуўся да вайскоўца:

— Што з ім бавішся? Наладзіць яму лазню — па-іншаму заспявае!

Зрабіў некалькі крокаў да мяне. Кулакі былі сціснутыя. З-за прыкрытых вуснаў выглядалі жоўтыя зубы. Згадаў сабе, што Цвік бараніўся, і падумаў: «Усё роўна будуць біць. Дык хоць не намарна!»

Стоячы ў мокрым адзенні, я ўвесь трымцеў ад холаду. Макараву падалося, што калачуся ад страху. Гэта яшчэ больш падахвоціла і асмеліла яго. Калі ж падпольнік замахнуўся кулаком, хутка адбіў удар і ўсім цяжарам свайго цела ірвануў наперад… Стукнуў яго ілбом у нос і ў ніжнюю частку твару. Такі прыём называецца «быком», альбо «дацкім пацалункам», а вынікі ад яго бываюць жахлівыя. Мне падалося, што прагучаў трэск костак. Макараў войкнуў і абсунуўся на падлогу. Закрыў рукамі твар.

Вайсковец крыкнуў чырвонаармейцам:

— Хапайце яго!

Я ўскочыў на лаўку, а з яе на стол. Сарваўшы са сцяны вялікую, апраўленую ў раму рэпрадукцыю карціны, кінуў у лямпу, якая вісела пасярод хаты. Пачуўся бразгат шкла, і хата апынулася ў цемры. Я мацаў рукамі па сценах, шукаючы тое, чым мог бы абараняцца. Патрапіў на вялікі дубовы крыж. Сарваў яго са сцяны. Быў дастаткова важкі.

У гэты момант бліснулі электрычныя ліхтарыкі, і яркі прамень на хвіліну асляпіў мяне.

— Хапайце яго! — зноў крыкнуў вайсковец.

Я падняў угару крыж. Чырвонаармейцы завагаліся. Скарыстаўшы гэта, перакуліў стол на падлогу. Стаў за ім, нібыта за барыкадай.

— Здавайся, або ў лоб пальну! — пракрычаў вайсковец.

— Лупі, хам! — закрычаў я. — Кайданы скінулі, а скуру здзіраеце! Валі!..

— Узяць яго! Наперад!.. Прыкладамі яго!..

Салдаты кінуліся да мяне. Я біўся зацята. Зноў трапіў у сярэдзіну буры. Але зараз асляпляла мяне кроў. Чуў не завыванне віхуры, а крыкі ўзбуджаных бойкай чырвонаармейцаў і ціхі плач Лёні. Мяне крыху засланяў стол, але неўзабаве яго адцягнулі набок.

Тады я кінуўся наперад, б’ючы ўсляпую крыжам управа і ўлева. Амаль не адчуваў удараў ад прыкладаў карабінаў…

Раптам зразумеў, што губляю прытомнасць. Падлога пайшла ў мяне з-пад ног. Апошнім водбліскам свядомасці адчуў непадалёку ад сваёй галавы нечыю нагу. Угрызся ў яе зубамі.

— Гэта сукін сын! — разнёсся вокліч вайскоўца.

Болей нічога не памятаю… Усё патанула ў змроку…

Частка другая
Воўчай сцежкай

Граніца накорміць,

Граніца напоіць,

Граніца пацешыць,

Граніца выстроіць!

З песні перамытнікаў

1

Набліжаецца канец сакавіка. Адчуваю надыход вясны. Сум кроіць маё сэрца.

Шосты тыдзень сяджу ў першым падвале менскай «Чрэзвычайкі». Камера, куды мяне ўкінулі, цёмная і вільготная. Са сцен сцякае вада. Праз брудныя мутныя шыбіны малога закратаванага вакенца прасочваецца дзённае святло. Праз вакно відаць боты салдатаў і чэкістаў, якія праходзяць па дзядзінцы. Вакол страшэнны бруд. Ад усяго клеіцца балота. Напачатку нават баяўся датыкацца да сцен, дзвярэй і нараў. Зараз ужо прызвычаіўся. Паветра непрыемнае, смуроднае, настоенае вільгаццю і потам ніколі не мытых цел. Бялізну ніхто не мяняе, «параша» — вялікі драўляны кубел, дрэнна замыкаецца і працякае. Прасочваючыся на падлогу, мача ўтварае калюжыны, якія вязні нагамі разносяць па ўсёй камеры.

Нас тут адзінаццаць. Ледзь змяшчаемся ў маленькай прасторы. На нарах спяць сямёра, а на падлозе — чацвёра. Часам падкідваюць новых, аднак часта і выпускаюць або пераводзяць куды-небудзь у іншае месца. Мы знаходзімся тут найдаўжэй.

Акрамя мяне, яшчэ сядзяць двое перамытнікаў, якія жывуць за граніцай у вёсцы, непадалёку ад Стоўбцаў. Гэта браты — Ян і Мікола Спландзінавы. Яны маладыя: аднаму 20, другому — 23 гады. Папаліся на мяліне каля Койданава. Гаспадар іхняга пункта — Умэнскі — плячысты, моцны селянін, сядзіць разам з імі. Спачатку былі разлучаныя, а зараз іх звялі. З гэтага можна было рабіць вывад, што справа іх не такая ўжо кепская.

Ёсць адзін самагоншчык — Каспар Буня, велічэзны, касцісты селянін. Ён жыў у смалакурні, каля Заслаўля і там са збожжа гнаў гарэлку. Злавілі яго на гарачым — пры апараце. На ім быў вялікі кажух, ад якога на ўсю камеру смярдзела дзёгцем.

Ля вакна стаіць Жаба, злодзей-рэцыдывіст. Засунуўшы рукі ў кішэні, свісціць. Цяжка вызначыць яго ўзрост. Можна даць і 40, і 50 гадоў, а магчыма, нават і больш. Галава ў яго вялікая. Рот ад вуха да вуха. Вочы, мутныя, без выразу, выглядаюць на бруднай скуры твару, нібы зліпкі макротаў. Заўсёды сагнуты. Цела слабое, але з адзнакамі вялікага спрыту.

Ёсць адзін бандыт — Іван Лобаў. Сядзіць за некалькі нападаў і абрабаванняў. Гэта прыстойны з выгляду мужчына гадоў 35. У яго чорная клінком барада. Заўсёды смяецца. Пакідае ўражанне ўладзімірскага «богомаза». Яго даўно б ужо «пусцілі ў расход», але тут стараюцца заможныя сваякі.

Ёсць тэхнік з тэлеграфа — Фэліцыян Кропка. Абвінавачаны ў сабатажы, бо выпадкова спаліў рэастат высокага напружання. Зрабіўся ахвярай нейкага камісара, пра якога ён часта расказвае і які заўжды яго прыціскаў, пакуль не скарыстаў магчымасць і засадзіў у ЧЭКа. Кропка выглядае страшэнна запалоханым чалавекам. Пры кожным скрыпе дзвярэй ён трасецца, нібы ў ліхаманцы. Сам жа смешны: малы, заўсёды пацірае рукі далонямі адна аб другую, a калі слухае каго-небудзь, тады разяўляе рот.

41