— Дзень добры! — прамовіў я.
— Дзень добры. Што вам трэба? — запытала мяне Лёня і скоса паглядзела направа.
Там была доўгая занавеска, за якой стаяў ложак Лёні. Гэтую занавеску можна адсоўваць па дроце, бо была падвешана на жалезных кольцах. Яна засоўвалася на дзень, а ўначы заўжды была адхінутая. Зараз жа шчыльна закрывала ложак, хоць было яшчэ зусім рана.
Унізе занавеска не даставала падлогі. Я паглядзеў туды і заўважыў унізе наскі двух пар ботаў. Адзін з іх зварухнуўся. Сумнення не было: там хаваліся нейкія людзі.
«Засада», — падумаў я і спакойна прамовіў да Лёні.
— Скажыце мне, гаспадынька, якой дарогай можна хутчэй патрапіць да Менска?.. Такая завея! Збіўся я з дарогі, але сюды прыблукаў… He ведаю, дзе і знаходжуся…
Лёня злёгку ўсміхнулася і адказала:
— Ідзіце каля хутара аж да мастка. А там направа… Выйдзеце акурат на тракт.
Я пачуў нейкі шоргат ззаду, за дзвярыма.
«I ў сенцах таксама людзі», — падумаў.
У гэты ж момант занавеска гвалтоўна адсунулася набок, і з-за яе выйшаў высокі мужчына ў доўгім сівым шынялі і будзёнаўцы з вялікай чырвонай зоркай на шлеме. За ім крочыў моцны, плячысты мужчына ў чорнай бякешы, з вялізнай чорнай папахай на галаве. Ён меў кароткую рыжую бараду і шрам на левай шчацэ. З іроніяй свідраваў мяне вачыма.
«Макараў!» — здагадаўся я.
— Ёсць птушачка! — прамовіў, крыва ўсміхнуўшыся, падпольнік. — Скакаў, скакаў і даскакаўся!
Наблізіўся да мяне і замахнуўся кулаком, каб стукнуць. Я ўхіліўся ад удару. Вайсковец загадаў:
— He чапай яго! Паглядзім, што гэта за нумар.
Макараў, адчыніўшы дзверы ў сенцы, гукнуў:
— Хадзіце сюды, таварышы. Адну дрэнь маем!
У хату ўвайшло шэсць чырвонаармейцаў з кароткімі кавалерыйскімі карабінамі ў руках.
— Хорош гусь! — вымавіў адзін.
— He гусь, а мокрая курица! — дадаў другі, маючы на ўвазе маё заснежанае адзенне, з якога ў цёплай хаце пацякла вада.
Вайсковец, на рукаве якога я заўважыў два кубікі, звярнуўся да Макарава:
— Вазьмі чатырох чалавек і ідзі з імі да стадолы! Напэўна, сёння ніхто больш не прыйдзе. А калі ж прыйдуць, дык упусці іх усярэдзіну.
Пасля ён загадаў чырвонаармейцам, што засталіся ў хаце:
— Пільнуйце гэтага госця! Калі зварухнецца — кулю ў лоб!
Пасля паказаў мне пальцам на стол:
— Залазь туды!.. У кут…
Калі я ўсеўся за сталом (наказаў зрабіць так, каб пазбавіць мяне магчымасці ўцячы), вайсковец зноў звярнуўся да чырвонаармейцаў:
— Глядзіце таксама за жанчынай!.. Каб не размаўлялі… Ані слоўка!..
Затым выйшаў з хаты.
Салдаты трымалі зброю напагатове.
Зірнуў на Лёню. Твар мела сумны, але не зляканы. Калі чырвонаармейцы не глядзелі на нас, усміхнулася мне. Адказаў усмешкай.
«Хаця б хлопцы не ўляцелі», — думаў я без перапынку, адначасова плануючы адказы на пытанні, якія маглі мне задаць.
Калі праз паўгадзіны вярнуліся ў хату вайсковец з двума кубікамі на шынялі і Макараў разам з чырвонаармейцамі, я зусім супакоіўся: «Хлопцы далі драла! Столькі часу яны не будуць чакаць… Зразумелі, што адбылася нейкая бяда, і не прыйдуць сюды! Вернуцца за граніцу… Але ж намучаюцца, бедакі!.. Гэта лёс!»
— Выйдзі з-за стала! — звярнуўся да мяне вайсковец.
Я стаў ля сцяны.
— Распранайся!
Пачаў здымаць адзенне. Застаўся толькі ў споднім.
— Здымай усё! — крыкнуў Макараў.
— Там жа жанчына… — адказаў я.
— А што гэта цябе хвалюе!.. He бойся, яна ў такіх рэчах добра разбіраецца! — захіхікаў Макараў.
Раздзеўся дагала. Ператрэслі маё ўбранне. Заглянулі ў рот, пад пахі, пад падэшвы ног, агледзелі нават валасы. Пасля перабралі бялізну і кінулі яе мне.
— Адзенься, — загадаў вайсковец.
Штука за штукай падрабязна агледзелі мае рэчы. Падцяжкі, папружку, партманет, грошы, гадзіннік, сцізорык, ліхтарык, насоўку і паклалі ўсё на стол.
Дазволілі апрануцца.
— Дайце, таварыш, закурыць, — звярнуўся я да вайскоўца.
— Гусь свінні не таварыш! — адрэзаў мне.
Макараў зарагатаў.
З’явілася жаданне запытацца ў вайскоўца: «Хто ж з нас гусь, а хто свіння?»
Праз нейкі час вайсковец падаў з маёй каробкі адну папяросу і сказаў:
— Трымай… закуры і кажы праўду!.. бо будзе дрэнна! Будзем біць!..
Я закурыў папяросу.
Вайсковец выняў з тоўстай папкі аркуш паперы і паклаў на стол. Гэта быў друкаваны фармуляр. Пачаў пытацца ў мяне пра імя, прозвішча, год нараджэння і г. д. А калі ён скончыў запісваць звесткі пра мяне, то пагрозліва запытаўся:
— Ты з Польшчы?
— Так.
— Чаго прыйшоў у Саветы?
Прыгадаў сабе апавяданне Лорда ў Калішанак пра тое, як яго арыштавалі на савецкай заставе і як потым дапытвалі ў Койданаве. Але Лорд быў з таварам, а я не меў пры сабе ношкі. Гэта было добра для Лёні, аднак абцяжарвала маю правіну.
— Дрэнна мне было ў Польшчы, — адказаў, — і таму прыйшоў сюды, каб назаўсёды застацца ў Саветах.
— А грошы адкуль?
— Прадаў усе свае рэчы.
— Выкручваешся, дрэнь!
— Праўду кажу вам.
— Колькі разоў быў тут?
— Упершыню трапіў сюды.
Вайсковец звярнуўся да Лёні:
— Ведаеш яго?
— Не ведаю! — коратка і смела адказала Лёня.
Тады вайсковец звярнуўся да мяне:
— Ты слухай, што я табе скажу! Кажы праўду: колькі разоў быў тут з кантрабандай і дзе твой тавар? Ты яе не шкадуй! — рухам галавы ён паказаў на Лёню. — Ты сябе ратуй, бо будзе кепска. Зразумей гэта: калі ты не кантрабандыст, дык шпіён!.. Ну, расказвай!..
— Я не кантрабандыст і не шпіён. Прыйшоў сюды, каб назаўсёды застацца ў Расеі.