Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 39


К оглавлению

39

Бура, здавалася, паставіла сабе мэту — не даць нам дабрацца да пункта… Яна знянацку пачынае піхаць нас ззаду, нібыта дапамагаючы ісці. Штурхае нас усё мацней, мацней і раптам са свістам і скавытаннем адсоўваецца набок, а мы, не падрыхтаваныя да гэтага, валімся назад у снег. Пасля чаго яна затойваецца на які-небудзь дзесятак секунд і, калі мы, падняўшыся, пачынаем крочыць наперад, адным ударам спераду прымушае нас спыніцца. Неўзабаве, нахіліўшыся ўперад, спрабуем ісці далей з шырока расстаўленымі рукамі, каб захоўваць раўнавагу. Выглядала гэта так, як быццам мы плылі ў гіганцкім бялюткім віры. Тады віхура нясецца ўгару… Трыумфуючы, захлынаецца ад рогату, а мы зноўку ляцім на зямлю, залітыя потам, ледзьве схапіўшы паветра… Сядзім у снезе. А віхура гуляе ўверсе. Здаецца, яна ўвогуле не звяртае на нас увагу… Так сабе, забаўляецца толькі: спявае, галёкае, смяецца, ціха павявае і ганяецца за аплаткамі снегу!

Падымаемся… Знікае прытворства… I яна таксама ўстае… Раз’юшаная, ледзяная, бязлітасная, вострая… Першы свой удар накіроўвае нам у вочы. Б’е цэлым сумётам снегу. Мы схіляем галовы: вітаем яе і молім. He дае сябе ўпрасіць… Мала аднаго абвалу, азвярэўшая, злосная, ап’янелая, збірае ўвесь снег на полі з кіламетровай адлегласці і кідае гэты патоп нам на галовы. Зараз ужо не чуем, як віхура трыумфуе, як шалее, як рыкае… Мы аглушаныя і аслепленыя. Захлынаемся дробным, зімным, асцюкаватым пухам…

Выграбаемся на паверхню. Навобмацак адшукваем адзін другога і, правальваючыся па грудзі ў снезе, сыходзім з вялізнага пагорка, які марудна паўзе наперад.

Віхура маўчыць, і гэта цішыня страшная: рыхтуецца нешта неспадзяванае!.. I я не памыліўся. Немаведама адкуль спадае ўдар: некалькі сотняў тон снегу з усяе моцы абрынулася нам на галовы. He стае часу, каб легчы, бо адразу налятае страшэнны подых ветру. «Ён хоча нас убачыць!» Другі ўдар. Зноў горы снегу абвальваюцца на нас. I зноў паўтараецца магутны подых ветру і зноў удар!.. I так раз за разам, удар за ўдарам.

Чалавек мог бы таксама гэтак забаўляцца. Укінуў бы ў вялікую мядніцу дзевяць майскіх хрушчоў, а пасля біў бы ў іх жменямі мукі і раздуваў яе. Гэта была б вар’яцкая забава. Дурная і нікчэмная. I наш праціўнік не меў літасці. Больш дзесятка разоў ён змяняў тактыку барацьбы, хоць мы нават не маглі бараніцца. Наладжваў засады. Хаваўся. Уздымаў на нашым шляху горы снегу. Спрабаваў нас асляпіць, паваліць, знішчыць, раскрышыць… Ён шалеў. Кідаўся. То грымеў сатанінскім рогатам, то енчыў, то галасіў.

Я крочыў з прыплюшчанымі вачыма. Шапку нацягнуў на вушы, а галаву пахіліў наперад. Хістаўся, валіўся, засядаў у насыпах, але ўпарта прадзіраўся наперад, адшукваў любую магчымасць, каб зрабіць хоць некалькі крокаў. Мы спыняліся, каб паглядзець, ці хто-небудзь не адстаў.

Абміналі палі і трымаліся лесу. Там захіналі нас дрэвы, разбіваючы зацятыя атакі віхуры. Там лягчэй было прасоўвацца наперад. Але лес скончыўся, і зноў трэба было выходзіць на поле і зноў змагацца, упарта заціскаючы зубы і кулакі.

Крочылі, не захоўваючы ніякіх сродкаў бяспекі. «Хто мог за намі пагнацца? Хто выйшаў бы ў такую ноч з хаты?» Мы былі адзінымі жывымі істотамі на вялізнай, залітай снегавым патопам раўніне.

Некалькі разоў у дарозе спыняліся і пілі спірытус. Гэта дадавала нам моцы, уліваючы ў цела полымя, падбухторвала да новай барацьбы з снежнай навалай. Мне было душна і горача. Па твары сцякаў пот. Слёзы ліліся са збалелых вачэй. Я не ішоў, а пнуўся наперад. Вецер жа навокал гукаў, галасіў, выў, спяваў, галёкаў. Дзёр на нас апратку. Ірваў з плячэй ношкі. Матляў перад намі прасторай, нібы белай хусткай. Шумеў, як мора. Гучаў, бы пярун, і рагатаў, рагатаў, рагатаў…

Здавалася, што не выберамся адсюль, што назаўжды застанёмся ў гэтым жахлівым белым пекле… I дзіўная рэч: калі часам, аслеплены, прыкрываў вочы, я бачыў блакіт неба, сонечныя зайчыкі, фарбы кветак… Бачыў прыгожы твар Фэлі. Бачыў усмешку Бэлькі. Чуў ігранне на гармоніку Антося, спеў Салаўя. А найбольш перад вачыма стаяла Лёня. Бачыў яе выразна; чуў яе голас, смех… Найбольш думаў пра яе. Магчыма, таму, што з ёй заўсёды было найлепей, найцяплей, найспакайней.

«Магчыма, праз гадзіну, праз дзве прыйду да яе!.. А можа, і ніколі!»

Толькі пад раніцу, зусім выбітыя з сіл, мы дабраліся да хутара Бамбіны. У дарозе знаходзіліся 14 гадзін.

Хлопцы паселі на снезе, і было падобна, што ўжо не крануцца далей. Выглядалі страшэнна.

Лорд звярнуўся да мяне:

— Пойдзеш на хутар? — вымавіў сіпатым голасам.

— Так.

— Ідзі і глядзі!.. У такую ноч цяжка заўважыць што-небудзь, няма слядоў…

— Добра.

— Зробіш тры кругі… Але каб выразна…

* * *

Я адпіў крыху спірту, скінуў на снег ношку і пайшоў да хутара. Пералез праз плот і апынуўся на дзядзінцы. Здзівіла толькі тая акалічнасць, што да мяне не кінуўся насустрач сабака. Падумаў: «Можа, забіўся ў якую дзюрку ды спіць».

Я падышоў да вакна і памалу пастукаў у шыбіну. Ніхто не адгукнуўся. Пастукаў мацней. У хаце запалілі лямпу, аднак вокны былі завешаны з сярэдзіны, і я не мог нічога ўбачыць. Здзівіла, што Лёня не адказвала праз вакно.

«Магчыма, не спадзяецца, што так позна прыйдзем, і думае, што гэта нехта чужы, і апранаецца».

Я пайшоў на ганак. Дзверы ў сенцы былі адамкнутыя. Наступныя дзверы, што вялі ў памяшканне, таксама. Я ўвайшоў усярэдзіну. Убачыў Лёню, якая, стоячы ля стала, з нейкім незвычайным тварам глядзела мне ў вочы і не ішла насустрач, так, як гэта рабіла заўсёды.

«Дзіўна!.. Так хутка апранулася!.. I чаму не вітаецца са мной!»

39