Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 38


К оглавлению

38

— Панна Бэльця! Пані дазволіць?..

Дзяўчына падымаецца з месца. Пачынаем круціцца па зале. Стараюся не думаць пра Фэлю, засяроджваю ўвагу на Бэльцы. «У яе такі сімпатычны тварык, прыгожыя вочы, і выдатна збудавана!.. Хлопцы ад яе ў захапленні. Іх вабяць яе высокія грудзі… Магчыма, будзе лепшая, чым Лёня!» He звяртаючы ні на што ўвагі, усё мацней прыціскаю яе да сябе. Бэлька паціху кажа:

— Вар’ят!.. Перастань, ну, бо кіну!.. Людзі глядзяць…

Заўважаю, што мы танцуем адны. Усе цікуюць за намі. Прыкмеціў усмешкі на тварах хлопцаў і дзяўчат. Караль і Зыгмунт пагардліва надзьмулі вусны.

Ціха кажу дзяўчыне:

— Плюнь ты на іх, каханая! Хай паўзіраюцца!

— Табе гэта добра казаць, а мяне на языках пачнуць мяньціць!

Перапыняем танец і садзімся ля вакна. Раблю выгляд, што цалкам заняты дзяўчынай. Фэля і Зося выходзяць з пакоя. Пачынаюць гатаваць гарбату. Браты Фабіньскія трымаюцца асобна ад рэшты людзей. Лорд разваліўся на крэсле паміж Андзяй Салдаткай і Маняй Дзюньдзяй. Нешта ім расказвае. Паненкі смяюцца.

Фэля з Зосяй вяртаюцца. Пры нашай дапамозе ставяць пасярод хаты вялікі стол. Падрыхтоўваюцца да гарбаты. Ёсць варэнне, печыва, бутэрброды, цукеркі, арэхі.

Фэля запрашае нас да стала. Пачынаем піць гарбату. Усе, за выключэннем мяне і Лорда, захоўваюць вельмі паважны выгляд. Караль і Зыгмунт трымаюць шклянкі, адстаўляючы далёка ўбок малыя пальцы, дзяўчаты стараюцца піць так, каб не сёрбаць: марудна, нібы без жадання, адкусваюць бутэрброды і печыва. Размова ўвесь час спыняецца. Адчуваецца агульная напружанасць. Кіслыя твары братоў Фабіньскіх і іх скептычныя позіркі даастатку псуюць агульны настрой. Фэля падыходзіць да грамафона і ставіць новую пласцінку. Па пакоі паляцела гучная, вясёлая мелодыя «Полькі ў лесе».

Я танцаваў з Бэлькай, Зосяй і Люткай.

Танцуючы з Бэлькай, запытаўся:

— Цябе можна правесці дахаты?

Яна ўсміхнулася.

— Ведаю, пра што ты думаеш!

— А што тут дрэннага?.. Ты мне вельмі падабаешся.

— А язык за зубамі трымаць умееш?

— Даю табе слова! Ані пікну! Хай мяне на граніцы першая куля напаткае.

— Ну, ну!.. не заракайся!.. Веру табе!.. Зараз я развітаюся з усімі, а ты пачакай хвілін з дзесяць, патанцуй з Люткай, потым ідзі дахаты. Буду чакаць цябе ў першым завулку налева. Там нікога няма…

Скончылі танцаваць. Я далучыўся да гуртка, у якім сядзеў Лорд і перамытніцы. Фэля размаўляла з Зосяй і братамі Фабіньскімі. Я пачаў заляцацца да Дзюньдзі. Неўзабаве Бэлька, развітаўшыся з усімі, выйшла з памяшкання. Сказала, што ў яе баліць галава.

Пачалі зноў танцаваць. Заўважыў, што Алігант таксама збіраецца адыходзіць. Тады разам, развітаўшыся з сябрамі, мы выйшлі з хаты. На вуліцы сказаў Аліганту:

— Забыўся нешта сказаць Лорду!.. Ты ідзі, праз пару хвілін даганю цябе.

Я ўвайшоў на падворак і, схаваўшыся за брамкай, пачакаў, пакуль Алігант адышоўся, тады хутка накіраваўся да завулка. He спадзяваўся там заспець дзяўчыну, бо стаяў моцны мароз.

Крочу хутка па завулку і не бачу нікога. Раптам чую ціхі свіст і заўважаю Бэльку, якая выходзіць з сутоння, схаваўшыся паміж сцяной нейкай хацінкі і плотам.

— Змерзла? — запытаўся я.

— Эт… Я гарачая. Мне мароз рады не дасць!

Прыціскаю да сябе дзяўчыну і цалую яе халодныя, пругкія рукі, гладкія, нібы костка, вусны. Пасля бяру пад руку, і мы хутка прастуем завулкамі, абмінаючы вялікія вуліцы.

Снег рыпіць пад нагамі. Мароз кусае за шчокі. На небе свецяцца зоркі: хітравата міргаюць нам. Цудоўна зіхаціць Вялікая Мядзведзіца. Гляджу на яе і думаю: «Шкада, што не назваў адну з зорак Бэлькай!»

15

У сярэдзіне лютага першы раз за гэты месяц выбраўся ў дарогу і нават не меркаваў, што яна закончыцца так трагічна: што на доўгі час апынуся за кратамі.

Пайшоў, як звычайна, з групай Лорда. Нас было дзевяць: я, Лорд, Лёва, Шчур, Болек Камета, Ванька Бальшавік, Мамант, Фэлік Маруда і Алігант. Рэшта хлопцаў па розных прычынах засталася ў Ракаве. Тавар неслі дарагі: шаўро, лакеркі, хром. Усё самага лепшага гатунку. Ношкі былі цяжкія, па 40 фунтаў, аднак яны былі невялікія і добра ўпакаваныя.

У дарогу падаліся адразу пасля змяркання. Круціла невялікая завея. Гэта спрыяла нам. Але хутка, пасля пераходу другой лініі, усхапілася завіруха. Штораз мацнеючы, яна нечакана зрабілася магутнай стыхіяй, якая ператварыла прастору ў адно вялікае мора снегу.

У нейкім месцы група затрымалася. Хлопцы збіліся ў кучу. Стараючыся перакрычаць вецер, Лёўка прапанаваў усім вяртацца ў мястэчка. Лорд не згаджаўся на гэта. Казаў, што мы ўжо прайшлі траціну шляху і што вяртацца назад небяспечней, чым ісці далей, бо зараз цяжка было заўважыць, дзе знаходзіцца граніца, і таму можна лёгка папасціся… Маніў — у такое надвор’е масалкі сядзяць па зямлянках і паляць печкі. Ведаюць, што ў завейную ноч паляваць на кантрабандыстаў неразумна, бо хутчэй можна наляцець на воўчую зграю. Зрэдку толькі перамерваюць граніцу ўзмоцненыя патрулі.

Мы рушылі наперад. Лорд, Мамант і Камета па чарзе вялі групу: першаму ісці па цаліку было найцяжэй — ён пракладваў след для сябраў у глыбокім снезе.

Праз пэўны час завіруха перарасла ў сапраўдную буру. Вакол тварыліся дзівосы. У адно імгненне вецер зрываў з агромністай прасторы снег і падкідваў высока ў неба, а мы, змучаныя, аслепшыя, крочылі па абледзянелым насціле… коўзаліся, валяліся. З упэўненасцю нельга было зрабіць ніводнага кроку. Праз некалькі хвілін бура абвальвала нам на галовы цэлыя сумёты снегу, які перад гэтым віраваў у паветры, а пасля засыпала нас па шыю. Затрымліваліся і адпачывалі. Потым павольна, крок за крокам, патанаючы ў снежных гурбах, рухаліся далей.

38