Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 37


К оглавлению

37

Надуўшы вусны, працягла вымавіў:

— Фа-абіньскі…

Ён мне не спадабаўся. He люблю выпеставаных лялек. У адказ так моцна паціснуў яму руку, што той амаль не войкнуў. Я назваўся:

— Ла-а-бровіч!

Прысеў ля маленькага століка, за якім прыткнуліся Бэлька і Андзя Салдат. Пачаў размаўляць з Бэлькай і адначасова, спадцішка, сачыў за Фэляй, якая працягвала скакаць з Каралём Фабіньскім. Выглядала выдатна. Была ў чорнай сукенцы. Да яе твару найлепш пасавалі цёмныя колеры, з якіх, нібы з рамы, выглядаў смуглы воблік — пекная галоўка і шыя. У скоках рухалася так вольна, што здавалася: танец — гэта адзіны ўласцівы ёй сродак перасоўвання.

He мог адарваць ад яе вачэй. Няўважліва слухаў тое, што казала Бэлька, і ўсцяж назіраў за Фэляй. Дзяўчына, здаецца, адчула гэта і прамовіла:

— Пан Уладзік нявыхаваны: ён не слухае мяне!

Схамянуўшыся, пачаў жвава размаўляць з Бэлькай і выказваць да яе падкрэсленую ўвагу. Прапанаваў патаньчываць.

— Ці пану не хапае скокаў на граніцы? — запытала мяне Бэлька.

— Пані мае рацыю.

Нахіліўшыся праз столік, кажу ёй на «ты», як звычайна прынята, калі размаўляюць без «умоўнасцей»:

— Бэлька, калі?

— Што?

— Ну, тое… што абяцала ў мінулы раз, як праводзіў цябе дахаты.

Засмяялася.

— Табе гарыць?

— Надта.

— Ну дык пацярпі або напіся халоднай вады!

Фэля прыкмеціла, што мы так інтымна размаўляем паміж сабой. Некалькі разоў кінула ў наш бок позірк, а пасля перастала танцаваць і падышла да нас разам з партнёрам. Прывіталася са мной:

— Добры вечар, пан Уладзік!

— Добры вечар!

— Пазнаёмцеся, панове! — рухам галавы яна паказала на Фабіньскага.

Караль падае мне такую ж дробную, спешчаную, як у брата, даланю і павольна кажа:

— Фа-а-біньскі!

А я адказваю басам, з відавочным выклікам наслядоўваючы яго інтанацыю:

— Ла-а-бровіч!

Бэлка рассмяялася. Фэля здзіўлена зірнула на мяне. Караль адступіўся.

— Пан вельмі нярвовы! — кідаю я Каралю ўслед.

— Нібы французская сабачка, — дадае Лорд і, зрабіўшы выгляд, што гэта не датычыла Караля, працягвае тлумачыць Андзі Салдатцы, якая яна міленькая і зграбненькая і палахлівенькая…

Бэлька смяецца. Фэля ссоўвае бровы, пасля ідзе да грамафона і ставіць новую пласцінку. Караль сядае каля Зыгмунта, і яны, паціху размаўляючы, акідваюць усіх прысутных крытычнымі позіркамі. Пакрыўдзіліся.

Раптоўна з грамафонавай трубы вылятае ўзбуджаны візгат нейкага тэнара:


«Дзе ж, о ты, маё каханне?
Дзе жывеш, анёле мой?»

— У ліхтарні, — паважна адказвае Лорд.

Дзяўчаты ў смех. Хлопцы таксама рагочуць. Фабіньскія моршчацца.

Мне вельмі хочацца выпіць. Кажу пра гэта Лорду.

— Мудра! — адказвае сябра.

Падыходзіць да Фэлі. Са смехам нешта гаворыць ёй. Пасля разам выходзяць да суседняга пакоя. Гляджу ўслед: на яе смуглыя зграбныя ногі, лёгкія рухі бёдраў пры хадзьбе і адчуваю, што ўсё больш прыцягвае мяне, а ў той жа час баюся яе і… ненавіджу… Д’яблы ведаюць, што гэта такое!

Праз некалькі хвілін Фэля вяртаецца адна і крочыць да мяне праз увесь пакой. Гляджу ёй у вочы. Дзяўчына злёгку, як мне здалося, з іроніяй усміхнулася і прамовіла:

— Пан Баляслаў просіць пана на хвілінку.

Выходжу ў іншы пакой, дзе адбылася авантура з Алінчукамі і пацынкаванымі стыркамі. Зараз стол стаяў каля вакна, побач убачыў Лорда.

— Хадзі, браце! — паклікаў ён. — Трэба трошкі кульнуць сабе!

На стале бачу вялікі графін гарэлкі, закрашанай вішнёвым сокам. На талерках — хлеб, агуркі і ладныя кавалкі шынкі. Лорд робіць шырокі рух рукамі.

— Чым хата багата!

Мы пачалі шклянкамі піць гарэлку. Чарачкі стаялі побач і са смуткам узіраліся на нашу бяседу.

— Фэля сказала мне, каб я цябе не напаіў! — з поўным ротам вымавіў Лорд.

— Так?

— Угм!.. Маеш попыт… Вазьміся за яе… Кароль-баба! Альфрэд два гады лазіў… Дасі яму па носе!..

Хутка ядзім і п’ём. Гарэлка скончылася. Мне робіцца штораз весялей. Лорд есць, пазірае на мяне і кажа:

— Карыстайся аказіяй!.. Я ведаю Фэльку наскрозь. Для цябе арганізавала гэты вечар… Яна трымаецца зводдаль, каб мацней цягнула. Разумееш?.. Памятай адзінаццатае прыказанне! З бабамі ўмець трэба!..

Павучальным тонам дасведчанага чалавека пачынае выхоўваць мяне. Ад гэтага робіцца прыкра, аднак нічога не кажу, бо ведаю, што ўсё ідзе ад яго шчырага сэрца.

Вяртаемся ў залу. Грамафон рэжа полечку. Фэля танцуе з Зыгмунтам Фабіньскім. Яна часта пазірае на мяне. Дзіўная жанчына: яе цела ўсцяж прываблівае, вочы — адпіхваюць. Хлопцы ад яе шалеюць, яна ж з усіх смяецца.

Гарэлка ўздымае мой вясёлы настрой. Жвава размаўляю з Бэлькай і ўсміхаюся Фэлі. Заўважаю на яе твары адбітак непакою: думае, ці не занадта я выпіў!

Праз нейкі час яна скончыла таньчыць і садзіцца ля Лорда. Размаўляе са штучнай усмешкай на вуснах. Пазіраю ёй у вочы і раптоўна адчуваю, што хоча, каб запрасіў яе патаньчыць… Па хаце круцяцца пары: Зося з Юлікам, Лютка Зубік — мажная, моцная — танцуе з Алігантам, смешна падрыгваючы тоўстымі лыткамі, і выклікае ўсмешкі на тварах прысутных, ён жа «элегантна», нахіліўшы набок галаву, на вялікай дыстанцыі ад сябе, вядзе даму ў танцы. Фэля без перапынку глядзіць на мяне. Адчуваю яе просьбу, ці… загад і падыходжу:

— Панну Фэлю запрашаю на скокі!

Хвіліну глядзіць мне ў твар. У яе вачах мяняецца выраз. Неспадзявана амаль са здзекам кажа:

— Вельмі ўдзячна пану!.. Хачу адпачыць!..

Адчуваю сябе ніякавата. Амаль засаромлены вяртаюся да Бэлькі. Лаўлю яе лёгкую ўсмешку.

37