Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 36


К оглавлению

36

Выйшлі мы ў дарогу з Букраўкі, з адрыны на канцы мястэчка, куды днём былі прывезены ношкі. У дарогу вырушылі параней: як толькі пачало змяркацца. Рабілі гэтак з тым разлікам, што зялёнкі не чакаюць такога ранняга выхаду перамытнікаў.

Каля другой гадзіны ночы дабраліся да хутара Бамбіны.

Лорд затрымлівае групу. Падыходзіць да мяне.

— Можа, ты хочаш пайсці першым?.. Паглядзіш, ці ўсё там у парадку на мяліне, у стадоле і на агародзе… Агледзіш увесь хутар. Запытай Бамбіну, ці не круціўся тут хто-небудзь днём? А калі ўсё будзе нармальна, выйдзі на дарогу і зрабі ліхтарыкам у паветры тры вялікія кругі… Хочаш ісці першым?

— Добра. Я пайду.

— Пакінь ношку. Табе будзе лягчэй.

Скідваю з плячэй ношку і выходжу на дарогу. Да хутара прыкладна 300 метраў. Крочу хутка і весела. Без ношкі так лёгка рухацца. Гляджу ўлева на Вялікую Мядзведзіцу і ўсміхаюся. Паўтараю імёны асобных зорак: Эва, Ірэна, Зося, Марыля, Гэлена, Лідзія і Леаніда… Лёня. Пасля паўтараю некалькі разоў «Лёня», смяюся. «Напэўна, яна цяпер спіць і не сніць нават, што я зараз прыйду!»

Прыспешваю крок. Брама і фортка замкнутыя. Пералажу праз плот на дзядзінец. З глыбіні падворка да мяне кідаецца вялізны сабака.

— Нэрон, Нэрон! — клічу сабаку.

Падлятае з падскокамі і з радасным візгатам падымаецца на заднія лапы, стараючыся лізнуць мяне ў твар. Адпіхваю яго ад сябе.

Паціху стукаю ў вакно. Праз хвіліну за шклом бачу белую пляму твара.

— Хто там?

— Я.

— Уладзік?

— Так. Адчыні, Лёня.

— Ужо, ужо!

Трашчаць засаўкі, і я ўваходжу ў цёмную хату. Лёня толькі што паднялася з ложка. Горача цалуе мяне.

— Які ты халодны!.. Хлопцы прыйшлі?..

— Я сам прыйшоў.

— Са-ам?..

— Так.

— Праўда. Чаго?

— Засумаваў па табе і гайда ў дарогу!

Яна смяецца, а пасля сур’ёзна пытаецца:

— He можа быць! Хлусіш!

Я расказаў ёй пра тое, што нас хвалюе. Запэўніла мяне, што на хутары ўсё ў парадку. Аднак я абышоў падворак і сад, агледзеў стадолу і толькі тады выйшаў на дарогу.

Выймаю з кішэні ліхтарык, уключаю яго і раблю перад сабой тры вялікія кругі.

Чакаю.

Неўзабаве на снежнай белі дарогі паказваюцца адзін за другім мае сябры. Упускаю іх на падворак і замыкаю брамку на засаўку.

Хлопцы пайшлі ў гумно, а я з Лёўкам у памяшканне.

Лёня ўжо прыбралася. Круціцца па хаце. Запальвае ў печы. Падрыхтоўвае мне яду, бо хлопцы і Лёва пайшлі спаць.

Пазней, калі мы ляглі, Лёня сказала:

— Ведаеш што, Уладзік?.. Я думала пра адну рэч: заставайся са мной назаўсёды!

— Як гэта?

— Я ўсё абдумала… Зачыню пункт… Досыць мне ўжо гэтага… Грошай хопіць, і табе пад дастаткам будзе. Зажывем разам… Для цябе вырабяць дакументы… Ёсць знаёмыя ў Валвыканкаме і Заслаўі… Гэта можна зрабіць…

— He… Я не хачу…

— Ты не кахаеш мяне?.. Так?..

— Гэта не тое. Але я хачу жыць у сябе… за граніцай…

Лёня доўга пераконвала мяне, каб я згадзіўся з яе прапановай. Прасіла, падмацоўвала рознымі аргументамі. Нарэшце я адказаў, што паразважаю над гэтым. Аднак сам ведаў, што ніколі такога не будзе… Тут я засумаваў бы да смерці. А магчыма, і Лёня абрыдзела б мне. Але не сказаў ёй таго.

14

Каляды і Новы год прайшлі для нас вельмі весела. А пасля свят мала ў каго з хлопцаў нешта засталося ў кішэні.

У студзені хлопцы зноў пачалі хадзіць у дарогу. Іх гнала бяда. Ішлі, хоць дарогі былі надзвычай цяжкія, хоць панавалі завеі, а па лясах і палях гойсалі ваўкі. Купцы цяпер давалі дрэнны тавар: яны не хацелі рызыкаваць, ведалі, што дарогі вельмі небяспечныя і што марнатраўныя хлопцы могуць спрытна наладзіць агранду. Групы ішлі зрэдку, былі невялікія. У той жа час хлопцы часцей хадзілі на ўласную руку. Насілі спірт, які карыстаўся вялікім попытам у Саветах і які лёгка было збываць.

На свята Трох Каралёў да мяне прыйшоў Лорд і прамовіў:

— Прыслала Фэля…

Я здзівіўся.

— Чаго яна хоча?

— Запрашае заўтра да сябе на вечарынку.

— Сашкі ж няма дома! Паехаў у Стоўбцы.

— Гэта нічога. Яна арганізоўвае малую вечарынку. Будзе некалькі дзяўчат і пару хлопцаў.

— А ты пойдзеш?

— Так.

— Добра. Тады я таксама пайду.

Назаўтра я апрануўся вельмі элегантна і разам з Лордам пайшоў да Фэлі. Было сем гадзін вечара. Засталі ўсіх у зборы. Заўважыў, што Фэля так падабрала хлопцаў і дзяўчат, каб не было гранды і каб можна было «прыстойна» пазабаўляцца.

Акрамя мяне з Лордам са знаёмых былі: Пятрусь Філосаф, Юлік Вар’ят, Алігант. Апроч таго, убачыў братоў Фабіньскіх — Караля і Зыгмунта. Яны былі далёкімі сваякамі Вэблінаў і нядаўна прыехалі з Вільні, таму трымаліся ад нас на пэўнай дыстанцыі і ганарыста. З дзяўчат былі: Фэля, Бэлька, Андзя Салдат, Маня Дзюньдзя. З імі прыйшла Лютка Зубік, якая замяніла ў групе Бэлькі Маньку Пудзель, што папалася ў Саветах і зараз сядзела ў менскім астрозе. Гэта была мясістая дзеўка, якая пры кожным кроку трэсла сваім багатым целам, што і абуджала ў галовах хлопцаў розныя эратычныя згадкі… Прыйшла яшчэ кузынка Фэлі — маладзенькая шаснаццацігадовая дзяўчына, прыемная танклявая бландзінка. Яе твар вельмі ўпрыгожвалі вялікія вочы. Называлася Зосяй.

Калі мы ўвайшлі ў памяшканне, моладзь ужо забаўлялася. На камодзе стаяў вялікі грамафон і, ззяючы нікелем агромністай трубы, іграў вальс. Пасярод хаты круціліся дзве пары: Алігант танцаваў з Зосяй, а Караль Фабіньскі з Фэляй.

Па чарзе прывіталіся з прысутнымі. Пазнаёміліся з тымі, каго не ведалі. Зыгмунт Фабіньскі, нібы робячы ласку, нядбала падаў мне далонь — мяккую і малую, як у жанчыны.

36