Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 4


К оглавлению

4

У Наваградку Пясецкі, купляе адзенне і абутак для Невяровіча, ідзе ў астрог. Хоча зрабіць заставу за Невяровіча, але пераконваецца, што яго ўжо вызвалілі. Пакідае толькі сорак злотых на турэмную бібліятэку.

Невяровіча знаходзяць у Вільні. Што будуць рабіць у Польшчы? Мусяць крочыць сцежкай, якая ёсць іх прафесіяй. Навучыце рысь харчавацца раслінамі. Нехта даверліва адкрыў Пясецкаму месцазнаходжанне дрывотні ў Маскве, дзе закапаў дыяменты. За іх зварот паабяцаў палову, гэта было б 6000 даляраў. На справу мяркуе ісці разам з Невяровічам, а тым часам, каб было таней, перабіраюцца з гатэля да каханкі Невяровіча ў Новую Вілейку. З той таннасці зрабілася тое, што спусцілі ўвесь капітал, паспеўшы толькі купіць Невяровічу рэвальвер. Апошні раз трэба выпрабаваць шчасце. Затрымліваюць конку, якая рухалася вузкакалейкай з Васілішак. Польскаму чыноўніку дазваляюць апусціць рукі і не абшукваюць. Таксама як і нейкую польку. Калі супраць гэтага пратэстуе пасажырка жыдоўка, Пясецкі кажа ёй зняць яшчэ завушніцы, а калі тая супраціўляецца, б’е яе рукаяткай па галаве. Здабыча надзвычай марная — 160 злотых.

Далейшы працяг надзвычай шаблонны. Здраджвае каханка Невяровіча. Паліцыя і кайданы. Палявы суд.

У актах прысуд віднеецца здалёк. Аднак перш, чым вынесуць прысуд, прыляцелі два задыханыя ганцы. Адзін высланы смерцю з пажаданнем карнага аддзялення суда. I высланы жыццём — пасведчанне Другога Аддзела ад 9.01.26 г.: «…праца Пясецкага была вельмі выніковая… Данясенні маюць вялікую вартасць… выказаў вялікую адданасць польскай справе… вызначаўся бравуровай адвагай. У выведцы служыў старанна. Даручаныя заданні выконваў не ашчаджаючы жыцця і здароўя».

Намарна!..

«Прымаючы пад увагу і г.д. суд аднагалосна прызнаў слушным і справядлівым пакараць абодвух стратай — расстрэлам паводле арт. 25, 28, 30, 31, 34, і паводле судовага заканадаўства з маёмасці падсудных Пясецкага і Невяровіча ўзяць па шэсцьсот злотых, а таксама аднолькава прысудзіць ім аплату судовага справаводства».

Яшчэ адзін акт — паведамленне пра памілаванне з заменай на пятнаццаць гадоў. А потым ціша.

I пасля, пачынаючы з 1930 г., нібы стук з труны прашэнне пра памілаванне.

Першае прашэнне пра скарачэнне тэрміна пакарання напісана ў Равічах у студзені 1930 г. на імя Прэзідэнта.

«…да бацькі, — піша вязень, — падацца не мог, бо той жыў у Менску-Літоўскім, у Іншаземны Легіён я трапіць не мог як афіцэр запаса. Шэсць месяцаў марных намаганняў і прыніжэнняў… усе акалічнасці склаліся на тое, каб мяне схіліць на злачынства, і ў той жа час не было ніводнай, каб утрымаць мяне ад яго… У Расеі, круцячыся ў сферах чыноўнікаў і афіцэраў Чырвонай арміі, я навучыўся шырока распаўсюджанаму там ужыванню какаіну: не быў дарэшты сапсаваны чалавекам, але нешчаслівы… Я не заслужыў сабе нічога за сваю працу, нават адпачынку… пасля больш чым некалькігадовага туляння ў войску, акопах, шпіталях…»

Суд на таемным пасяджэнні 18.11.30 г. «не знайшоў падстаў».

I зноў прашэнне ад 16.08.32 г. пра памілаванне, дасланае з турмы ўзмоцненага рэжыму ў Каранове.

Суд на таемным пасяджэнні ад 3.11.32 г. «не бачыць падстаў».

Цяпер яго асаджваюць на Св. Крыж, і з’яўляецца звычайны госць — сухоты.

На падставе заключэння турэмнага лекара з далучаным пасведчаннем стрыечнага брата сталяра з Наваградка, што той дае яму памяшканне і бярэ на ўтрыманне, звяртаецца да суда 2 снежня 1933 г. I зноў намарна.

13 красавіка зноў прашэнне — без выніку.

Нарэшце — апошняе — прашэнне ад 24 красавіка 1936 г. Спасылаючыся на стрыечных братоў Кулакоўскіх з Наваградка, роднага брата Анатоля з Гародні, на пасведчанне II Аддзела, на лекарскае заключэнне, на пасведчанне ад турэмнага кіраўніцтва пра добрыя паводзіны, на адбыццё дзесяці гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму…

На таемным пасяджэнні Віленскі Акружны суд ад 28 траўня 1936 г. вырашае, «што ні ў акалічнасцях справы, ні ў прашэннях просьбіта суд не бачыць ніякіх падстаў прызнаць Сяргея Пясецкага вартым памілавання».

Дзякуючы прыхільнасці міністра Грабоўскага, я атрымаў магчымасць наведаць Пясецкага на Святым Крыжы.

Некалі, перад вайной, я вандраваў з Сандаміра ў Апатаў, Клімантаў, Слупы праз свентакшыжскія горы на Кельцы. Збіў ногі. Угіналіся пад плецакамі. Пнуліся ўгару, хіба аднолькава марудна, быццам той святы, забыўся як яго звалі, які штогоду, падобна, уздымаецца на паўметра. У нашых галовах шумеў пачатак «Папёлаў», навакол нас шумела яловая пушча. Набожна ўглядаліся на камяністыя вяршыні Лысіцы, на якія нібыта зляталіся на шабаш д’яблы. Існавалі мы Польшчай беднай і знішчанай, вольнай ад думак пра нормы харчавання для вязняў, вольнай ад пасяджэнняў таемных судоў; галоднай у буднія дні і шчодрай па святах, скрываўленай але бесклапотнай.

Я начаваў у гатэлі «Польскім», у пакоі, прызначаным для гасцей, якія прыязджаюць у адведкі да вязняў. Раніцай з’явіўся шафёр у зялёнай форме. Захутаны ў футра, я зноў ехаў дарогай, перамеранай калісьці залатанымі, збітымі пятамі.

Каля высокай гатычнай брамы стаяў вартаўнік з рэвальверам у руцэ. Над стромкім мурам, што апаясваў астрог, навісала шэсць вежаў, у якіх нясуць варту ўзброеныя стражнікі.

Мяне прымаў начальнік турмы, у мінулым кіраўнік расейскага астрога ў Радаме, у прысутнасці аўтэнтычнага прыручанага ваўка. Калі я выконваў фармальнасці, ваўканяр глядзеў на мяне крывавым зрокам.

Я атрымаў дазвол на сустрэчу з вязнем Пясецкім. Земляністы, знясілены твар. Хто ж вызначыць узрост гэтай маскі? Бліскучыя, глыбока запалыя вочы. Гэта той чалавек, які штогод стукаецца ў свет з прадоння труны?..

4