Так закончыўся гэты тоўсты рукапіс, густа пазначаны сінімі штэмпелямі турэмнай цэнзуры.
Выдавецтва адпісала, просячы падрабязнасцяў. Адказ прыйшоў праз доўгі тэрмін (турэмная цэнзура). Аўтар паведамляў:
...«Маё пакаранне скончыцца 30 верасня 1941 г. Акружным судом г. Вільні я быў засуджаны да пакарання смерцю, літасціва замененай Прэзідэнтам на 15 гадоў. Згодна закону, па адбыццю двух трэціх пакарання я быў бы пераведзены пад умоўны тэрмін, аднак не маю магчымасці пераканаць, што не вазьмуся зноў на пражыццё зарабляць зброяй».
Пераходзячы да спраў свайго рукапісу, ён пісаў:
...«Пішу, бо пісаць павінен. Гэта ёсць мая арганічная патрэба, неадольнае і непераможнае жаданне. Навала ўспамінаў часам палохае мяне, якія (выкрэслена цэнзурай) на паперу бы (выкрэслена цэнзурай). Развальвае гэта мой розум. А ў той жа час здаровы сэнс падказвае пісаць павольна, цярпліва, спланавана, удасканальваць стыль, пазнаваць мову, пашыраць навуку. Як гэта цяжка без неабходных кніг, у неадпаведных умовах. Як прыкра раскладваць працу на месяцы, гады, калі хочацца яе зрабіць адразу… каб мець супакой.
Мне вельмі прыкра, што моўнае адзенне аповесці такое благое. Пасля года працы над авалоданнем мовы гэта добра разумею. Упэўнены, такія памылкі, якія дапускаю, выглядаюць дзікімі і камічнымі. Пазбаўлюся іх у наступных раманах… Мне шмат перашкаджае знаёмства з расейскай мовай і тое, што дагэтуль не сутыкаўся з людзьмі, якія правільна размаўляюць па-польску, паколькі я больш дзесяці гадоў знаходжуся ў асяроддзі людзей, якія прыслугоўваюцца дзівоснымі дыялектамі, або ўжываюць гратэскавую трасянку з некалькіх моў. Дагэтуль адзіным маім правадніком і настаўнікам былі „Wiadomości Literackie“, якія я, па маёй просьбе, атрымліваю ад пана рэдактара, з сакавіка 1935 г. задарма. З іх чэрпаю веды, вучуся мове і нават баюся падзякаваць любімай газеце за тое, што недзе там за бартом жыцця ёсць чалавек, які сам, нічога не даючы, карыстаецца працай, талентам і арганізацыяй шматлікіх людзей, што стаяць ля варштата культуры. Яны былі маёй радасцю, маім святлом, і з іх я найбольш скарыстаў… Мару пра тое, каб у будучым падзякаваць ім.
…Пісаць сур'ёзна я пачаў з сакавіка 1934 г., аднак усе дачасныя спробы лічу толькі ўступам да грунтоўнай літаратурнай працы… Нядаўна меў магчымасць прачытаць выдатную прадмову Яна Парандоўскага да „Школы сэрца“ Густава Флабэра. Зрабіла на мяне агромістае ўражанне. Памятаю з яе цэлыя абзацы. Гэта будзе для мяне… школай працы. Што праўда, не патраплю пісаць павольна, бо тэма заўсёды спальвае мяне, але гэта будуць тыя лейцы, якімі як-небудзь затрымаю непатрэбны і шкодны разгон.
…Закранаю шматлікія пытанні, бо гэты ліст асаблівы (наступны тэкст выкрэслены цэнзурай). Другі раз не буду магчы так шырока пісаць. Таму адразу прашу прабачэння, калі далейшая карэспандэнцыя будзе лаканічная і сухая…»
I зноў апусцілася заслона, і зноў мы нічога не ведалі. Але ўжо быў след да спраў Віленскага Акруговага суда. Перагледзеў тыя акты і, што вычытаў у іх, падаю.
Гэтыя судовыя справы агромністыя, таўшчэзныя. Беспамылковай сцежкай, з непахіснай мудрасцю вядуць яны да страты.
Пакуль даведаюся, вывальваецца да мяне малая ружовая «фішка» з інфармацыяй: «Сяргей Пясецкі, праваслаўны, паляк, шляхціч, падхарунжы, выведчык II Аддзела, какаініст, асаблівыя прыкметы: зарубцаваныя агнястрэльныя раны на левым плячы і назе».
I толькі з актаў паўстае яго пакручастае жыццё.
Народжаны ў 1901 як сын паштовага чыноўніка. Закончыў сямікласную гімназію ў Пакрове. Маладзенькім хлапчынай бярэ ўдзел у паўстанцкай антыбальшавіцкай арганізацыі «Зялёны Дуб», кантактуе з польскімі войскамі пры захопе Менску, і падчас гэтай акцыі быў упершыню паранены. Накіроўваецца ў школу падхарунжых у Варшаве, адкуль выходзіць са званнем падхарунжага і ў гэтым званні служыць у дабраахвотных беларускіх фармаваннях у кампаніі 1921 г. Пасля вайны ягонымі паслугамі карыстаецца Другі Аддзел.
Прагал у справе. I далей, што 21 месяц сядзіць у Наваградскай турме, дзе за абрабаванне і знішчэнне перамытніцкай групы знаходзіцца пад следствам, але 26 жніўня 1925 г. выпушчаны без прысуду; аднак ужо ў кастрычніку зноў паранены на савецкай тэрыторыі. За той кароткі тэрмін трыццаць разоў пераходзіць граніцу.
Нейкія там за той граніцай адбываюцца пагромы, забойствы; ірванне кантрактаў. 18 сьнежня 1926 г. Пясецкага адхіляюць ад службы. Дзе пойдзе, калі ягоная прафесія — гульня з небяспекай? Хоча выехаць у Іншаземны Легіён, але, як афіцэр запасу, не атрымлівае дазволу. Прапаноўвае свае паслугі французскай выведцы, ведае Расею, але яго не прымаюць. Што зробіць? Грошай не мае, бо ніколі не цаніў іх. Залатыя перамытніцкія часы прайшлі; граніца ўмацавалася і нічога на ёй нельга зарабіць.
Знаходзіцца ў галечы. Церпіць голад. Пяшком ідзе да брата ў Гародню. Але высвятляецца, што і брат таксама знаходзіцца ў нястачы. Пясецкі валачэцца назад у Вільню. Дарэшты разваліўся абутак. Крочыць босы. З лепшых часоў застаўся толькі адзін надзейны сябар — наган. Зброю любіць, у ягонай аповесці частыя згадкі пра зброю.
Пачуваецца бяздомным зверам. Прымае ўвесь дарэшты какаін — палову грама. У актах знаходзіцца выснова спецыяліста пра тое, што звычайна какаіністы ўжываюць пяць сотых грама, а на працягу дня — пятнаццаць сотых, што адзін грам з’яўляецца сьмяротнай дозай.
Незвычайна ўзбуджаны. Калі на шашы з’яўляецца фура з жыдамі, якія едуць на кірмаш, выцягвае наган: «Рукі ўгору!» Атрымалася. Забірае 1054 зл. Шчодра дае фурману на піва і скіроўваецца да Наваградка. Там яшчэ за тую справу (напад на перамытнікаў), сядзіць верны кампаньён Невяровіч, капрал у валанцёрскім атрадзе Дамброўскага, двойчы паранены, потым сяржант міліцыі на нейтральнай паласе, што, як і Пясецкі, ведае і савецкія турмы.