Гаворыць толькі пра пісаніну. He скардзіцца. Пытаецца, усцяж пытаецца, як трэба пісаць. Паведамляю яму, што аванс з ганарара пакідаю ў начальніка астрога. Гэта яго зусім не цікавіць. Пытаецца, ліхаманкава пытаецца, як жа пішацца. Кажа, над чым працуе, што распачаў трылогію з жыцця злачыннага свету.
Я купіў яму вечнае пяро і бутлік атраманту, а таксама пачак паперы. Але паперу не прымае: правілы не дазваляюць трымаць паасобную паперу — павінна быць збрашураванай. Абяцаю выслаць агульныя сшыткі. Напаўняю асадку. З захапленнем глядзіць, як запаўняецца празрысты балончык.
Набожна бярэ ў руку пяро і спрабуе пісаць. За вокнамі, узятымі ў пляцёнку тоўстых крат, вялікімі мяккімі аплаткамі павольна ападае снег. I з гэтага простага акту перадачы прылады працы творыцца нейкі абрад. Пазіруе? He — гэта хутчэй нейкія два адрозныя між сабой сусветы хочуць паразумецца між сабой.
Пытаю яго пра колішніх сяброў. Гэтым летам паеду туды; буду з імі размаўляць. Але што можа распавесці пра іх пасля адзінаццаці гадоў? Дае адрасы, якія некалі былі актуальнымі, называе прозвішчы людзей, якіх, напэўна, шмат разоў парасцярушваў, параскідаў вецер.
Развітваемся.
А потым я іду аглядаць астрог. На скрыжаванні кожнага калідора ахоўнік працягла крычыць: «У-ва-а-а-га-а!..» і глухі гул, якім поўніцца гмах, замірае. Што азначае гэты гул?
У камерах, адасобленых пляцёнкамі крат ад калідораў, падлогі якіх адпаліраваныя да бляску (вязні паліруюць іх бутэлькамі), стаяць па стойцы «Зважай!» дзве шарэнгі вязняў у арыштанцкай вопратцы. Тыя твары — гэта твары вупыраў. Толькі адзін Саберай — забойца дырэктара мясной біржы — не страціў яшчэ выгляду. Да агульнай матавасці гэтай земляністай скуры яшчэ не дацягнулі і ўкраінцы са змовы на св[ятой] п[амяці] Пярацкага.
У камерах, малых камерах, велічынёй з палавіну пакойчыка, сядзіць больш дзесятка вязняў. Іх сяннікі паднятыя высака пад столь. Уначы не застаецца і пядзі зямлі. У камеры па нейкія тры зэдлікі на дзесятак людзей. Рэшта…
«Адпачывай…» Глухі гул зноў нараджаецца ў астрозе. Гэта арыштанцкі тлум у семсот з нечым пачынае хадзіць па камерах, стукаючы драўлянымі падэшвамі ступакоў.
Ходзіць… Але як?
Камеры гэткія цесныя, што хадзіць немагчыма. Таму вынайшлі тэхніку: становяцца ў дзве шарэнгі і крочаць па камеры, паварочваючыся па камандзе. Так, ходзячы, размаўляюць, або… думаюць. Ніхто не можа збіцца з кроку, ні адступіцца на палову рытма, бо ўсё змяшалася б.
Зараз праходзім шэраг закратаваных камер, і ў кожнай бачым больш дзесятка забойцаў, бандытаў, кровазмяшальнікаў, шпіёнаў, альфонсаў, атрутнікаў, наёмнікаў (на Святы Крыж рэдка трапляе вязень, які атрымаў менш дзесяці гадоў, а колькі ж тут пажыццёва асуджаных, што засталіся ў спадчыну яшчэ ад немцаў). У рытме, адбіваным драўлянымі ступакамі, яны ходзяць, кідаючыся ад сцяны да сцяны. Страшныя твары нарастаюць, сунуцца да дзвярэй, каб праз хвіліну перад намі былі шарэнгі стрыжаных патыліц. Як дзікі драпежнік, кідаецца астрог ад кратаў да вакна, ад вакна да кратаў на дзвярах.
У нейкай з тых камер піша свае раманы Пясецкі.
У Варшаве атрымаў ад яго ліст. Паведамляе, што перасылае мне раман «Пяты этап» і раман пад назвай «Жыццё раззброенага чалавека».
......«Я вельмі хацеў, каб у будучым спадар ганарыўся б мною, — піша Пясецкі, — і я пастараюся гэтага дасягнуць. Дзякуй, вялікі дзякуй за вечнае пяро. Як дзіця цешуся ім. Сапраўды… Вечарам думаю, як падымуся дык буду ім пісаць… і вельмі недаверліва гляджу на кожнага, хто на яго пазірае. Радуе мяне больш, чым некалі зброя… Вялізная палёгка для працы. Нарэшце я магу карыстацца тым, што ўяўляе сабой часціну культуры. He маючы чым падзякаваць спадару, пасылаю прывітанне ад Вялікай Мядзведзіцы. Пагодлівымі вечарамі бачу яе з маёй камеры… Якія прыгожыя, якія прыгожыя, якія цудоўныя, якія прамяністыя мае вочы!..»
На граніцы дождж абмые,
А сонца высушыць;
Лес ад кулі захавае,
Вецер крокі зглушыць.
З песні перамытнікаў
Гэта была мая першая дарога. Нас ішло дванаццаць. Я і яшчэ дзевяць перамытнікаў; вёў групу «машыніст» Юзік Трафіда, бывалы, дасведчаны праваднік; тавар пільнаваў жыд — Лёва Цыліндар. «Ношкі» мелі лёгкія: кожная па трыццаць фунтаў, але былі яны досыць вялікія. Тавар неслі дарагі: панчохі, шалікі, рукавічкі, шаўкі, гальштукі, грабеньчыкі…
Патанаючы ў змроку, сядзелі мы ў доўгім, вузкім і вільготным канале, які праходзіў пад стромістым насыпам. Угары бегла дарога, што вяла з Ракава на паўднёвы ўсход да граніцы. Ззаду мігцелі агеньчыкі Паморшчыны. Наперадзе была граніца.
Адпачывалі перад яе пераходам. Хлопцы, скрытыя ў канале, хаваючы папяросы ў рукавы куртак, курылі апошні раз перад пераходам. Курылі паволі, хціва ўцягваючы ў грудзі тытунёвы дым. Некаторыя, паспяшаўшыся, ужо цягнулі другую папяросу. Сядзелі на кукішках, абапёртыя на вільготныя сцены канала плячыма, на якіх пасамі былі ўмацаваны вялікія, як пляцакі, ношкі.
Я сядзеў з краю. Побач, каля выйсця з канала, на цёмным фоне неба маячыла невыразная постаць Трафіды. Павярнуўшыся да мяне бляклай плямай твару, ён пачаў шаптаць сіпатым, быццам бы застуджаным, голасам:
— Трымайся мяне… Разумееш? Ну і гэта… Калі б за намі пагналіся… ношкі не кідай!.. Уцякай з ношкай… Бальшавікі без тавару зловяць… прышыюць шпіянаж… Тады гамон!.. Пераробяць на шаўро!..