Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 120


К оглавлению

120

Раптам заўважыў на лужку, пасярэдзіне якога праходзіла рэчышча высахлага зараз ручайка, нейкую цёмную постаць. Ускочыў на ногі. Гэтая постаць хутка рухалася наперад. Некалькі разоў тут жа пры ёй угледзеў нейкую белую пляму.

«Здань!» — падумаў я.

Без шолаху, спяшаючыся, пайшоў услед за гэтай постаццю. Знікла з маіх вачэй каля Капітанскай Магілы… Стараючыся не рабіць шуму, я бег наперад.

Паціху ўспаўзаў збоку па насыпе кургана. Заўважыў на яго версе цёмную самотную ўкленчаную постаць. Яе твар быў закрыты далонямі. Я, знерухомеўшы, глядзеў.

«Што яна робіць?.. Можа, моліцца?»

Павольна рушыў наперад. Убачыў маладую дзяўчыну, апранутую ў цёмнае паліто. Напэўна, адчула маю блізкую прысутнасць, бо раптам ускочыла на ногі. Пачала адыходзіць ад мяне ўзад. Тады я вымавіў:

— Няхай пані не баіцца.

Спынілася. Месяц выплыў з-за хмар і, як з рэфлектара, заліў струменем праменняў яе твар. Пазнаў у ёй дзяўчыну, якую бачыў на шпацыры разам з Петрусём непадалёку ад Душкава і твар якой заўважыў некалі на гэтым пагорку, калі, пасля ўцёкаў з Саветаў, страціў на тым месцы прытомнасць. Зразумеў, што гэта яна расказала тады Петрусю і Юліку пра маё знаходжанне тут. I яшчэ зразумеў адну рэч: што ёсць нейкая сувязь са «зданню» і пачутым некалі апавяданнем пра Капітанскую Магілу. Тады загаварыў да яе:

— Я сябар Петруся… Пані некалі выратавала мяне, калі ляжаў тут хворы… Запомніў твар пані… Пані, здаецца, завуць Ірэнай?

— Так.

— Дзіўная рэч, што менавіта сёння спаткаўся тут з паняй!

— Прыйшла сюды развітацца з бацькам… Ён тут загінуў…

— I я прыйшоў сюды, каб развітацца з… граніцай. Хачу запытацца ў пані пра адну справу, якая мае сувязь менавіта з гэтым месцам…

— Калі ласка.

— Я чуў легенду пра здань, якая з’яўляецца паблізу ад гэтага месца… Бачыў яе ўласнымі вачыма…

— Што спадар бачыў?

— Бясформенную белую пляму, якая ўсё рухалася ў розных напрамках… To падымалася ўгару, то апускалася ўніз…

На твары дзяўчыны з’явілася лёгкая ўсмешка.

— Гэта была не здань. Гэта была Мушка. Сабака гаспадара, у якога я жыву. Брала яго з сабой, каб у цёмныя ночы не заблудзіцца і каб сцярог мяне ад небяспекі… Сёння прыйшла адна…

Дзяўчына замоўкла. Хвіліну стаяла ў задуменні, а пасля вымавіла:

— Развітваюся з спадаром… Сёння ад’язджаю ў Вільню… да Петруся. Ён і яго сям’я запрасілі мяне да сябе.

— Пані пойдзе ў Выганічы?

— Так… Яшчэ сёння выеду адтуль да Аляхновіч.

— Можа, пані адвесці да вёскі?

— He… Я нічога не баюся… Часта сюды хадзіла. Ведаю тут кожны крок… Да пабачэння!..

— Шчаслівай дарогі!

Хутка і лёгка яна збегла з кургана. Яшчэ раз азірнулася, махнула мне рукой і пайшла на захад… Доўга глядзеў ёй услед… Знікла ў месячным святле.

Памалу пайшоў у кірунку Вялікага Сяла. Неўзабаве апынуўся каля пагранічных слупоў. Стаялі змрочныя… Варожа глядзелі на сябе, як барацьбіты, якія, напяўшыся, узважваюць свае сілы…

Аднекуль злева даляцеў карабінавы стрэл. Пасля прагрымела больш дзесятка стрэлаў, якія разбудзілі рэха ў навакольных далінах і лясах.

«Напэўна, „дзікія“ перайшлі граніцу».

Агледзеўся навокал… Цішыня… Пустэча…

Месяц лье на пагранічча бляклыя халодныя праменні. Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі.

Гэта быў канец майго трэцяга залатога сезона.

Гэта была гадавіна смерці Сашкі Вэбліна, некаранаванага караля граніцы.

Гэта была мая апошняя ноч на паграніччы.


14 кастрычніка 1935 г. — 29 лістапада 1935 г.

Святы Крыж, астрог.

Слоўнік

Абрэз — карабін з адрэзанай руляй і рукаяткай.

Агранда — прысваенне кантрабанды купца, слова ўтворана ад «гранда» дадаткам літары «а»; аналагічна турэмнаму «акасацыя», утворана на ўзор «апеляцыя».

Адкуцца — узбагаціцца, паправіць матэрыяльнае становішча.

Адшыць — зняць абвінавачванні.

Акантаваць — ашукаць.

Апыліць — прадаць.

Арэхі — набоі, патроны.

Ачко — гульня ў карты «21».

Бандаж — падвойны мяшок з палатна, пашыты накшталт доўгай і шырокай камізэлькі; служыць для пакавання і пераносу кантрабанды; апранаецца пад куртку, кажух альбо паліто.

Бааняр — салдат пагранічнай службы, якую да паловы 1923 г. выконвала войска, г. зв. баоны мытныя.

Блатны — свой, пераважна адносіцца да злодзеяў. Гэты выраз мае шмат значэнняў: на блат — нелегальна, некага блатаваць — яднаць з сабой (хабар).

Братва — браты.

Будзёнаўка — шапка ў чырвонай арміі, пашытая з сукна альбо палатна (у залежнасці ад сезону) накшталт нямецкай «пікельгаўбы» (pikelhauby).

Буліць — даваць, сыпаць; напр.: буліць грошы.

Бусоўка — напоі; бусаваць — піць.

Вдрэбезгі — зусім п’яны.

Воліспалком — «волостной исполнительный комитет» (валасная выканаўчая камрада).

Выстаўны — чалавек, які хаваецца ад паліцыі, гнаны, які жыве з фальшывымі пашпартамі.

Вытыш, на вытыш — легальна, адкрыта.

Гад — селянін.

Гамэра — водка.

Гай — крык, лямант.

Гімнасцёрка — расейская вайсковая кашуля з сукна колеру хакі.

Граба — далонь.

Гудлай — жыд.

Гузік — залатая дзесятка царскай чаканкі.

120