Шчур даведаўся ў мястэчку, што пэўная група паўстанцаў ходзіць за граніцу не прама з мястэчка Ракава, але з Волмы. У той бок нясуць вельмі каштоўны тавар, а на нашым адрэзку вяртаюцца без яго. У той жа час іх праваднік Бэрка Станогі пасля перакідкі двух-трох груп вяртаўся з-за мяжы адзін і з выплачанымі яму за тавар грашыма. У залежнасці і вартасці перанесенага праз граніцу тавара, насіў вялікія сумы ад 5 да 10 тысяч даляраў. Нам падказалі прыкладны адрэзак, якім з Саветаў вяртаўся Бэрка Станогі. Ён знаходзіўся непадалёку ад Тэклі Поля.
Па нейкім часе мы ўдакладнілі, што Бэрка Станогі пасля пераходу граніцы ідзе шасцю дарогамі. Праходзіць каля дубравы дзедзіча Навіцкага, ярам непадалёку стадолы ўпраўляючага таго маёнтка Карабіновіча; каля карчмы па дарозе з Волмы да Ракава, і, нарэшце, лесам, паблізу ад карчмы. Там ішоў трыма дарогамі: лугам, каля вёскі, левым ускрайкам лесу і сцежкай, якая перасякала лес на другі бок. Прымаючы пад увагу шэраг розных акалічнасцяў, рабілі засады на адной з тых дарог. Усё безвынікова. А пасля ў мястэчку Шчур даведваўся, што Бэрка Станогі зноў вярнуўся прамежкам, які мы пільнавалі. Шчур шалеў.
Пачаліся месячныя ночы. Калі неба ачышчалася ад хмараў, было зручней рыхтаваць засады. Аднаго разу, як звыкла, зрабілі засаду ў двух пунктах: я на сцежцы, якая вяла праз сярэдзіну леса, а Шчур на яго левым крыле. Прыкідвалі, што Станогі будзе вяртацца па адной з тых дарог.
Была другая гадзіна ночы. Месцы нашых засад знаходзіліся ў значнай адлегласці ад мяжы. Баючыся каб не прагледзіць жыда, які вяртаецца з-за граніцы, я ўважліва ўзіраўся ў прастору перад сабой. Калі здавалася, што ўхапіў нейкія зрухі на мясцовасці, падымаўся і пільна аглядаў наваколле. Пераконваўся ў зрокавым падмане і зноў сядаў на спілаваны хваёвы пень.
У нейкую хвіліну пачуў злева лямант. Пабег туды ўскрайкам лесу. Наблізіўся да месца засады Шчура. Убачыў, што абшуквае нейкага селяніна, які галасліва прасіўся, каб Шчур яго адпусціў; даваў 10 рублёў золатам. Селянін нёс у мяшку звыш дзесяці кілаграмаў авечай воўны і казаў, што ідзе да сваякоў, якія жывуць паблізу Волмы.
Нечакана мне прыйшла ў галаву адна думка. Калі Шчур адпусціў селяніна, я сказаў калегу, што як на мой розум, дык Бэрка Станогі ніколі не вяртаецца з Саветаў адзін, а заўсёды ідзе разам з селянінам і бабай, якія ідуць першымі на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў ад сябе, а за імі зводдаль прастуе Бэрка. Прыгадаў яму бабу, якую затрымалі непадалёку ад свірна Карабіновіча. Шчур, нічога не кажучы, пабег дарогай, якой папярэдне прайшоў селянін. Праз квадру гадзіны вярнуўся і прамовіў:
— Маеш рацыю: ззаду ішла баба, а далей нехта ў ботах; аб’ягорылі нас.
Ён усеўся на камель зваленай ветрам бярозы і доўга сядзеў нерухома. Я закурыў папяросу, падаў яму. Выкурыў усю, ні словам не адгукваючыся да мяне.
— Можа, пойдзем, — запытаў яго.
Падняў галаву. Пры святле месяца ўбачыў яго бледны худы твар і бліскучыя, крыху прыплюшчаныя вочы.
— Кажаш: пойдзем?
— Так. Няма чаго тут сядзець!
— He… He пойдзем… Я адзін пайду… Ты не пойдзеш…
— Куды? — запытаўся я здзіўлена.
— На поўдзень пайду. Туды, куды птушкі паляцелі… Там у мяне свае… Ведаю Кіеў, Харкаў, Растоў, Адэсу, Тыфліс… Пайду… Што я тут? Няма нікога… У мяне брат жыве ў Растове… Брат, матка і сястра… Маці старая, брат старэйшы за мяне, а сястры — чатырнаццаць… Можа, ім блага?.. Пагляджу… Няхай гэта ўсё халера забярэ!..
Падняўся і пакрочыў у напрамку тракта. Рэвальвер трымаў у руцэ. Забыўся яго схаваць. Я ішоў за ім. Ведаў, што трапіла яму ў галаву цяпер нейкая новая думка, і я не выб’ю яе з ягонай галавы.
На наступны вечар мы перайшлі граніцу ў Альшанцы. Засекі калючага дроту я перарэзаў нажніцамі, якія ўвесь час нашу пры сабе. Мы пайшлі лесам да другой паласы. Крочылі па добра вядомых нам дарогах, якімі перанесена з усходу на захад і наадварот міліёны ў таварах і грашах. Мы ведалі тут кожную сцежку і кожную дарогу, кожную паляну, кожны лог, кожны ручай, амаль ці не кожнае дрэва і куст. Наведалі шмат памятных для нас мясцін. Нічога не казалі. Крочылі без шолаху пры святле месяцовых промняў і ў змроку, які ляжаў у нетрах лесу. Трымалі ў руках рэвальверы.
Наблізіліся да Старасельскага лесу. Тут ступілі на тракт. Рухаючыся далей адкрыта па дарозе, сталі на скрыжаванні чатырох шляхоў. Тут выцягнулі рукі ва ўсе бакі света некалькі дарожных указальнікаў. Тут было на паўдарозе з Ракава да Менску. Каля тых дарожных знакаў Шчур затрымаўся. Сеў на малым, зарослым травой пагорку, выняў з кішэні вялікую пляшку. Паглядзеў праз яе на месяц і вымавіў:
— Даўно мы не пілі лікёру? Што?
— Даўно.
— Дык вып’ем… на развітанне… Бо, напэўна, больш ніколі не ўбачымся.
Ён здзёр аб дарожны паказальнік з бутэлькі сургуч і ўдарам далані выбіў з бутэлькі корак. Пасля сказаў:
— Ну, будзь здаровы і шчаслівы і ніколі не паддайся хамам!
Пачаў піць. Адпіў палову пляшкі і даў яе мне.
— За твой поспех ва ўсім! — адказаў я яму.
Выпіў рэшту лікёру, а бутэльку кінуў далёка ў поле. Мы закурылі папяросы.
— Ведаеш што? — вымавіў Шчур.
— Слухаю.
— Ты павінен злавіць Бэрку Станогу… Хоць адзін раз… Я не магу застацца… павінен ісці туды… Але ты гэта зрабі!.. Зробіш?..
— Добра.
— Дакладна? Слова?
— Калі не перастане хадзіць, дык напэўна!
— Гэта клёва!
Зноў закурылі… Пасля Шчур падняўся. Агледзеўся навокал, па палях, і потым сказаў мне:
— Ведаеш што? Жыў недалёка ад Каменя адзін селянін. У яго былі справы з дзедзічам. Аднаго разу дзедзіч пакрыўдзіў яго. Селянін вырашыў абавязкова адпомсціць яму. Неяк на яго падворак забег сабака дзедзіча. Селянін трымаў у руках касу. Замахнуўся і адсек сабаку нагу. Так было. Разумееш?