Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 112


К оглавлению

112

Праз гадзіну аблава абышла вакол па лесе і зноў пачала набліжацца да нас. Праз кожную пару хвілін брэша сабака.

— Я гэтага брахуна прыбяру! — са злосцю кажа Грабар. — Вы пачакайце тут.

Ён засоўвае рэвальверы ў кішэні і вымае забеспячальнікі з 2-х гранат. Пасля ідзе лесам насустрач людзям, якія набліжаюцца да нас.

Хвілін пятнаццаць пануе цішыня. Аблава ўсё бліжэй. Раптоўна адбываецца выбух гранаты, і рэха ляціць далёка па лесе… Другі выбух… Сабака замоўк… Поўная цішыня… Пасля пачынаюць грымець карабіны. Праз пару хвілін падыходзіць да нас Грабар.

— Патрапіў у брахуна? — запытаў яго Шчур.

— He ведаю. Але яны, напэўна, затрымаюцца.

Да змяркання яшчэ больш гадзіны. Выходзім на поле. Нельга чакаць на месцы, каб нас акружылі. Хутка рухаемся проста да лесу, які чарнее ў 4-х вярстах ад нас. Калі перамералі трэцюю частку той дарогі, ззаду прагучалі стрэлы. Я азірнуўся. Полем беглі за намі салдаты з карабінамі ў руках і, час ад часу спыняючыся, стралялі ў нас. Мы пакрочылі яшчэ хутчэй.

На сярэдзіне нашай дарогі ляжала вёска. Хочучы скараціць сабе шлях, каб мець аднолькавыя шансы з нашымі пераследнікамі, якія, безумоўна, пойдуць праз вёску, мы ступілі на вузкую, патанаючую ў балоце вуліцу. Зброю не хавалі. Трымалі ў руках гранаты і рэвальверы.

Пасярод вёскі стаяў натоўп людзей. Нейкі сход. Натоўп акружыў воз, на якім стаяў мужчына і, жвава махаючы рукамі, штосьці ім казаў. Нечакана нехта з натоўпу заўважыў нас. Нешта крыкнуў. Усе погляды скіраваліся ў наш бок. He звяртаючы на гэта ўвагі, хутка крочым наперад. У той момант мужчына, які гаварыў людзям, што сабраліся на вуліцы, саскочыў з воза і пабег да бліжэйшага падворка. Шчур голасна крыкнуў:

— Трымай!!

Грабар некалькі разоў свіснуў у пальцы.

Натоўп пачаў змяншацца. Людзі разбягаліся ва ўсе бакі. Ідучы далей пустой вуліцай, бачым толькі дзе-нідзе людзей, якія пакрыёма сачылі з вокан і з-за вуглоў хат.

Выйшлі на другі канец вёскі і пакрочылі нацянькі праз поле. Зводдаль бесперапынна несліся стрэлы пераследваючых нас салдат, якія хацелі такім чынам папярэдзіць насельніцтва вёскі, каб нас лавілі, але нарабілі яшчэ большага спалоху і дабіліся толькі таго, што сяляне пахаваліся хто дзе мог.

Нарэшце мы дабраліся да лесу, які ўсцілаўся вячэрнімі ценямі.

— Можам пачакаць іх тут, — сказаў Грабар, сядаючы на спілаваным камлі бярозы. — Бачу, што ім пільна трэба ў пекла…

* * *

Зараз ужо ніхто з нас не можа свабодна паказацца ў мястэчку. У большасці выпадкаў толькі вечарамі ідзём туды разам. Шчур пракрадаецца да хат сваіх інфарматараў і збірае звесткі аб працы паўстанцаў і пра розныя выпадкі на граніцы, паграніччы і ў мястэчку. Пасля разам ідзём у крамы і купляем патрэбныя нам рэчы. Пару разоў нас пазнавалі, але ніхто не адважыўся заступіць нам дарогу, або ў той жа момант данесці паліцыі. А пазней мы выбіраліся з мястэчка і ішлі да бровара ў Паморшчыну або ў навакольныя лясы. Часцей у лясы — там было нам больш бяспечна.

Зноў згубілі некалькі дзён на збіранне ў адно месца і перанос да пасрэдніка сабранага і пахаванага па розных месцах тавару. Зарабілі шмат. Грошы ўжо не цешаць мяне. Якая розніца, колькі я маю, калі не магу купляць усё, што мне падабаецца. Большую частку, пераважна золата і дробныя банкноты, складваю ў наш банк — дупло старой ліпы.

Учора Шчур адзін пайшоў у мястэчка. Чакалі яго на могілках. Прынёс некалькі пляшак спірытусу, шмат ежы і сказаў мне:

— Для цябе ёсць навіна.

— Якая?

— Раскажу на мяліне.

Ішоў дождж, таму, хочучы добра адпачыць, мы пайшлі да бровара.

— Што за навіна? — запытаў я ў Шчура.

— He ведаю, ці казаць табе…

— Ну, кажы!

— Добра. Толькі ты гэта не бяры да галавы… Заўтра, у нядзелю, будуць Фэліны заручыны.

— He можа быць!.. А з кім?..

— Адгадай.

— He магу дадумацца.

Шчур крыва ўсміхнуўся і павольна працадзіў:

— З па-нам Аль-фрэ-дам А-лін-чу-ком…

У мяне заняло мову. Шчур, заўважыўшы, якое гэта зрабіла ўражанне, прамовіў:

— Мяне, браце, гэта таксама ўразіла. Доўга думаў над гэтым… Вельмі доўга… Так сабе разважаў: ці гэта можа быць, каб такі жлоб узяў сястру Сашкі і карыстаўся з пасагу, які Сашка коштам свайго жыцця сабраў для яе?.. Так уласна і думаў. I адказаў сабе: секану яго!.. А пасля я лепей раздумаўся і адказаў сабе інакш: не трэба і нельга!.. I ты гэта зразумей… А ведаеш чаму?

— Ну?

Шчур паправіў свечку, якая гарэла ў бутэльцы, а потым падняў угару два пальцы і прыплюшчыў вочы. На яго твары з’явілася крывая ўсмешка.

— А таму, што яны адзін другога вартыя!.. Разумееш?.. Калі яна згаджаецца выйсці за яго замуж, хоць ведае, што гэта за ананас, дык… варта яго… А ён яе варты!.. I сабака ім морду лізаў. А ты плюнь і галаву сабе не заварочвай!.. Сястра Сашкі не павінна была так зрабіць, а калі робіць, дык яна звычайная… цёрка… Вось як… Можа, так і лепш…

Я доўга маўчаў. У маёй галаве пралятала шмат думак. Пасля моцна паціснуў даланю Шчура і прамовіў:

— Маеш рацыю!

Шчур кіўнуў мне галавой і весела бліснуў вачыма. А крыху пазней сказаў:

— Ведаеш, што прыдумаў?

Я з запытаннем паглядзеў яму ў вочы.

— Пойдзем заўтра ўтрох на заручыны Фэлі… Што?.. He чакаюць такіх гасцей. Уся смятанка будзе. А тут мы ўвальваемся і складаем павіншаванні і зычэнні вясёлага свята паненцы і халую!.. Што вы на гэта?

— Давай! — весела сказаў Грабар. — Першая катэгорыя!

— Давай! — крыкнуў і я.

Мяне ахапіла злосць. Быў здольны на любую, самую жахлівую авантуру. Пасля, калі сябры паснулі, я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма.

112