Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 111


К оглавлению

111

— Рукі ўгору!

Паўстанцы лавінай кінуліся ўлева, на ўскрай паляны. З капы сена выскачыў Шчур. У руках трымаў два рэвальверы. Крыкнуў ім зблізку:

— Кладзіцеся, бо кіну гранату!

Тыя паваліліся на зямлю.

— Рукі накрыж! — крыкнуў Грабар.

Я хутка абмацаў іх: шукаў зброю. Потым загадаў усім устаць, уважліва абшукаў кожнага.

Мяшкі са скуркамі, якія неслі з сабой, скідаў у кучу. У склад гэтай групы ўваходзілі дужыя, рослыя мужчыны.

— Добрыя былі б салдаты для Чырвонай арміі! — вымавіў, абшукваючы іх.

Паўстанцы напружана захіхікалі. Раптоўна з аднаго боку групы данёсся знаёмы голас Аліганта (дзіўна, што я не заўважыў яго раней).

— Хло-о-п-цы!.. гэ-та ж Шчу-ур!..

Алігант паказаў пальцам у бок Шчура, які стаяў за некалькі крокаў ад капы. З яго твару зваліліся дрэнна прыклееныя вусы, таму адразу яго пазналі. Я падбег да Аліганта:

— Замкні морду, бо зараз я табе пакажу не шчура, а ката.

Алігант, плаксіва вымаўляючы, пачаў адсоўвацца ад мяне.

— Пане… таварыш… Уладзік…

Абшукаў паўстанцаў і адпусціў іх. Перад гэтым вымавіў:

— Скажыце вашым хаўруснікам у Ракаве, што граніца закрыта! Што ні адной групы не пушчу! Скажыце, што гэта за Кручка і за Лорда, і за тое, што водзяцца з Алінчукамі! Зразумелі?

Пачуліся галасы паўстанцаў:

— Так.

— Зразумелі.

Тады я дадаў:

— Ну, дык рвіце! Бягом, бо буду секчы па вас!

Сланы ўскочылі на ногі. Я стрэліў некалькі разоў услед (так, каб не трапіць). А Грабар крычаў:

— Го-го-го!.. Тры-майце фартоўцаў, жыканоў, мудакоў, блатнякоў, шубраўцоў, задавакаў!..

Калі пазней мы занеслі тавар на мяліну, Шчур сказаў:

— Ну, зараз і мне канец. Усё мястэчка будзе ведаць. Зараз і я павінен хавацца.

— Нічога, дадзім рады! — кажа Грабар.

А праз пару дзён наладзілі паляванне на нас. Мы былі па пэўнай справе паблізу Менска. Ноччу пачаў ліць дождж. Да раніцы перайшлі з Архірэйскіх лясоў у Старасельскі.

Зрабілі днёўку ў лесе недалёка ад тракта на 19-й вярсце ад Менска. Прамоклі да апошняй ніткі. Незадоўга перад палуднем дождж аціх, і мы расклалі вогнішча, каб абагрэцца і высушыць рэчы. Дым вогнішча мог выдаць, але мы не звярталі на гэта ўвагу.

Вартавалі па чарзе, па адным, і сушылі рэчы каля полымя, у якое кідалі вялікія палкі са складзенай непадалёк паляніцы дроў. У нейкі момант паблізу ад нашай схованкі прайшло двух пастушкоў. Хлапцы, затрымаўшыся на хвіліну, з цікавасцю зіркалі на нас.

— Ну, чаго там? — крыкнуў ім Грабар. — Шуруйце далей!

Пастушкі, спяшаючыся, зніклі ў кустах. А праз гадзіну (я тады высушыў адзенне і стаяў на варце) пачуў у лесе нейкі падазроны шолах. Адвярнуў галаву ўлева і нечакана мой позірк мімаходам сустрэўся з поглядам людзей, вочы якіх сачылі з-за кустоў за мной. Акрамя гэтага заўважыў чорную скураную шапку з чырвонай пяціпраменнай эмалевай зорачкай. Ведаў, што за мной сочаць, але не выказаў непакою, толькі зняў забеспячальнік з рэвальвера і паставіў нагу на вогнішча. Сябры са здзіўленнем паглядзелі на мяне. Рухамі рук паказаў ім, каб хутка апраналіся. Зрабілі гэта, не трацячы ні адной хвіліны, але не паказаліся са схованкі. Я паказаў даланёй у накірунку бліжэйшых кустоў. Там чуліся штораз выразнейшы шоргат і прыглушаны шэпт. Чуў іх і справа, і злева. Нечакана недалёка коратка гаўкнуў сабака. Тады я схіліўся і шапнуў хлапцам:

— Гранаты! Жвава!

Сябры вынялі забеспячальнікі з шасці разрыўных французскіх гранат і падалі мне дзве. У тую ж хвіліну кінуў адну гранату проста ў купіну кустоў перад сабой, а другую крыху далей. Шчур і Грабар у той жа момант кінулі гранаты направа і налева. Праз некалькі секунд гранаты пачалі выбухаць. Лес затрымцеў. У паветра паляцелі фантаны зямлі. Трашчалі галіны дрэў. Пачуліся крыкі і тупат уцякаючых людзей. А мы адразу пайшлі на захад. Стараліся не рабіць галасу.

Доўгі час панавала цішыня, а пасля прагучаў стрэл з карабіна. За ім усчалася частая страляніна. Не адказалі аніводным стрэлам

і ўсё рухаліся наперад. Праз нейкі момант ззаду разнёсся сабачы брэх.

— Дрэнна! — вымавіў Шчур. — Ідуць за намі з сабакам, а да вечара далёка.

— Каб быў шкіпідар або аміяк, можна было б выліць на зямлю. Аўчарка не пайшла б далёка за намі. А так марная справа! — прамовіў Грабар.

Мы наблізіліся да ўскрайку лесу. Перад намі наперадзе раскінуліся ўдалечыні налі. Да граніцы было 12 вёрст, да найбліжэйшага лесу, які вёў да граніцы, больш 4 вёрст, а змяркацца пачне не раней як праз З гадзіны, таму выйсці з лесу на поле было занадта небяспечна.

Рушылі ўзлескам на поўдзень. Перайшлі на другі бок тракту і ў гушчары павярнулі на ўсход. Зараз ад пагоні нас аддзяляў тракт. У дадзены момант пераслядоўнікі ішлі на захад, а мы накіраваліся на ўсход. Яны рухаліся вельмі марудна, бо баяліся засады, а мы ішлі спяшаючыся. Зрэдку чулі злева брэх сабакі.

Я ішоў першым. Каб не згубіць накірунак і не павялічваць дарогі, вёў сяброў па компасе. Наблізіліся да ўскраіны лесу. Адсюль было відаць Старое Сяло і вазы, якія ехалі па тракту. Я звярнуў на поўнач. Вылучыўшы зручную хвіліну, калі нікога не было паблізу, мы перайшлі на другі бок тракту і апынуліся ў той частцы лесу, з якой выйшлі гадзіну таму. Зараз знаходзіліся ў тылу аблавы, якая павольна пасоўвалася наперад у двух кіламетрах перад намі.

Абыходзім наша вогнішча, якое затухае. Бачым ямкі, якія вырылі ў зямлі гранаты. Ад гэтага месца накіроўваемся на поўнач, а пасля зноў рухаемся на захад — услед за аблавай. Усё выразней чуваць сабачы брэх і шум, што нарабілі людзі, якія крочаць наперадзе нас. Чуем, як яны аддаляюцца на поўдзень, як перайшлі тракт. У тую хвіліну мы падыходзім да ўскраіны лесу і тут затрымліваемся. Зноў бачым перад сабой поле… А да змяркання яшчэ 2 гадзіны. Другі раз ужо не ідзём вакол лесам, бо ведаем, што, убачыўшы наш манёўр, тыя зробяць засаду, або накіруюць аблаву назад, а мяркуючы па папярэдніх стрэлах з карабінаў і зробленага шуму, маюць значныя сілы. Затрымліваемся ў хмызняку на беразе лесу і чакаем. Падрыхтавалі гранаты і рэвальверы… Час цягнецца бясконца доўга… Да вечара далёка…

111