Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 109


К оглавлению

109

— Гэта клёва! — пацвердзіў Грабар, стукаючы даланёй аб калена.

Шчур вяртаецца ў мястэчка, а я з Грабаром мялінуем у лесе. Знайшлі дасканалую схованку. На выпадак шухеру можна лёгка развеяцца ва ўсе бакі. Увечары Шчур прыбег да нас:

— Ну, хлопцы, у дарогу!.. Пайшлі!..

Інстынктыўна знаходзячы дарогу ў поўнай цемры, накіроўваемся ў бок Менска, на пункт, дзе знаходзіцца мяліна Гетмана. Як толькі змерклася, мы выйшлі. Крочым вельмі хутка, без адпачынку і а дванаццатай гадзіне ночы апынаемся недалёка ад пункта. Шчур неўпрыкметку пералез праз плот і пракраўся да стадолы. Неўзабаве вярнуўся да нас.

— Ну, паехалі, хлопцы! Усё ў парадку!

Падаліся да стадолы. Улезлі праз падваротню ўсярэдзіну. Там гаспадарыла цішыня і цемра. У левым баку стадолы ўгары былі вышкі, на якіх спалі паўстанцы. Справа стаяла сячкарня і ляжалі горы снапоў. У адным куце я прыкмеціў некалькі дзесяткаў мяшкоў з зернем. Паміж імі і сцяной быў праход. Туды мы і схаваліся. Шчур сказаў нам:

— Сёння прыйдуць і сёння вырушаць назад. Ведаю гэта на «пэ»… Разумееце, нясуць сюды дарагі тавар, а за мяжу возьмуць яшчэ даражэйшы: скуркі за тры партыі тавару. «К.п.у.»? Гэта будзе работа!.. Толькі зважайце, у Гетмана ёсць машына… Грабар стане ля варот, а ты пакладзеш іх і правядзём рэвізію. Забярэш «рулю» ў Гетмана… Грошы не шукай, не знойдзеш шмат, а тавар будзе ў мяшках… Павінны ўжо падысці. Выйшлі раней за нас, а зараз дванаццаць.

Праз квадру гадзіны пачулі каля сцяны стадолы шолах ад крокаў. Пасля ўсё заціхла.

— Пайшлі да гаспадара, — нячутна вымавіў Шчур. Неўзабаве пачаўся гоман ля дзвярэй. Заскрыпелі засовы. Зарыпелі вароты стадолы. Разлеглася шаргатанне крокаў аб ток. Гаспадар выняў з-пад кажуха запаленую лямпу і паставіў яе непадалёку ад варот. Мы ўбачылі перамытнікаў, якія круціліся па стадоле. Скідалі з плячэй ношкі і складалі іх каля выйсця. Рассцілалі сена на таку і клаліся адпачываць. Гаспадар, Гетман і яшчэ два перамытнікі ўзялі ношкі і пайшлі з гумна. Праз некалькі хвілін вярнуліся, несучы пяць вялікіх ношак. Там былі белыя і чорныя каракулевыя скуркі, якія паўстанцы меліся занесці ў Польшчу. На двух выпадала адна ношка, якую вымушаны былі несці па чарзе.

Лежачы на сене, сланы курылі папяросы.

— Есці будзеце? — запытаў гаспадар Гетмана.

— He. Зараз жа вяртаемся. Трэба да раніцы перайсці граніцу. Вып’ем і ў дарогу, — вымавіў перамытнік.

— Як хочаце, — адказаў селянін.

— Можа, прынясеце крыху яблык? У вас добрыя антонаўкі, — пачуўся голас нейкага паўстанца.

— Антонаўка ў мяне выдатная! — кажа гаспадар і, хаваючы пад кажух ліхтар, выходзіць са стадолы.

Робіцца цёмна. У змроку гараць агеньчыкі папяросаў. Чуваць скупыя выразы. Усе прагнуць адпачыць. Некаторыя дрэмлюць. Тады Шчур паціху кажа:

— Грабар ад варот! Ты ўсярэдзіну!..

— Пайшло… Першая катэгорыя! — шэпча Грабар.

Выходзім са схованкі і па пацёмках рухаемся наперад. Трымаю ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай узведзены парабелум. Набліжаюся да паўстанцаў, якія нягучна размаўляюць… Чакаю…

— Тут нехта чужы, — чую голас з цемры.

Тады запальваю ліхтарык і высоўваю наперад парабелум. Ад варот гумна і ад засекаў бліскаюць ліхтарыкі сяброў.

— Рукі ўгору! Раз, два… Ну, бо ў лоб!

— Класціся ніцма! — крычыць Грабар.

Усе змоўклі. Бачу, як Гетман спадцішка апускае руку ўніз. Ведаю, што хоча адкінуць убок рэвальвер. Шчур ідзе да варот стадолы. Адчыняе іх. Выкідвае на двор ношкі са скуркамі. Я абшукваю па чарзе паўстанцаў. Пачынаю з Гетмана, у якога забіраю зараджаны наган.

— Таксама маеш кіпцюрыкі! — кажу яму.

Неўзабаве агледзеў усіх паўстанцаў. У кантралёра знайшоў каля тысячы рублёў золатам.

— Хадзі! — кліча мяне Грабар.

Іду да адчыненых варот, пасля адварочваюся назад і кажу:

— Да раніцы каб ніхто не падумаў выйсці адсюль, бо як зловім каго за стадолай… застрэлім!

Калі апынуліся на дзядзінцы, я заўважыў гаспадара, які ішоў удалечыні з ліхтаром у руцэ. Сам ліхтар быў прыкрыты кажухом і кідаў уніз на зямлю мігатлівыя плямы святла. Я падбег да яго. Узяў з рук гаспадара кош з яблыкамі і паставіў на зямлю. Пасля бліснуў яму ліхтарыкам у вочы і вымавіў:

— Ты арыштаваны. Са стадолы не выходзіць, бо схопіш кульку!

Адчыніў вароты і ўвапхнуў усярэдзіну абамлелага ад страху селяніна. Пасля зноў замкнуў дзверы на засоўку.

Я і Грабар узялі па дзве ношкі, а Шчур адну. Павольна рушылі наперад. Ахутваў нас густы змрок. Неслі значны цяжар і таму вымушаныя былі часта адпачываць. Да раніцы ледзьве паспелі дабрацца да нашай схованкі ў Краснасельскім лесе. Вечарам у той жа дзень занеслі тавар у мястэчка, і Шчур з вялікімі стратамі апыліў яго.

А праз два дні зноў паклалі групу Гетмана. Шчур даведаўся ў мястэчку, што партыя Гетмана ідзе на іншую мяліну. Прыбег да нас удзень:

— Ну, хлопцы, — вымавіў са злосным бляскам у вачах. — Сёння Гетман са сваімі зноў валіць у дарогу. Трасянём іх тут… у мястэчку. Вось будзе гаю, ваю… Вырушаць з пуні Мальцысяка, з Загуменнай… Толькі рабіць з трэскам! Дадзім ім перцу панюхаць!

Увечары зрабілі засаду паблізу стадолы, у якой павінны сабрацца паўстанцы. Калі зусім сцямнела, мы пералезлі праз плот і залеглі па барознах, у дзесяці кроках ад увахода ў пуню. Пачулі, як недалёка ад нас затрымаўся воз, з якога выгрузілі тавар. Пасля воз ад’ехаў, і да пуні пачалі падыходзіць паўстанцы. Крочылі па аднаму і ўдвух. Даносіліся іх прыглушаныя размовы.

— Ужо ўсе? — разнёсся голас Гетмана.

— Няма Янкі Келба, — адказаў хтосьці.

109