Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 106


К оглавлению

106

— Шкада, што не маем нашага адзення, — сказаў Шчур.

— Так. Усё засталося на страсе.

— А можа, сходзім на мяліну? — сказаў Грабар — He павінны ж увесь час пільнаваць яе… Нас трох. Мы ўзброеныя. Калі што, дадзім сабе рады!

— Я думаю інакш, — адказаў Шчур. — Хай ніхто нават не ведае, што мы вярнуліся. Сама лепей гэты дзікі пункт. А зрэшты, навошта вам сталае месца? Зараз час для работы. А ў лесе кожная елка схавае, кожны кусцік прытуліць.

Спыніўся, доўга маўчаў, а пасля ўрачыста сказаў:

— А зараз, хлопцы, трэба будзе ўдарыць ва ўсю!.. Каб запомніла граніца, якія на ёй былі фартоўцы.

— Пайшло. Першая катэгорыя! — вымавіў Грабар, паціраючы далоні.

Мне таксама зрабілася весялей.

Вярнуліся на новую мяліну. Шчур сказаў, каб ні ў якім разе не выходзілі адсюль удзень, бо могуць заўважыць, а сам пайшоў у мястэчка на закупку неабходных для нас рэчаў і па навіны.

Мы выпілі з Грабаром пляшку гарэлкі і ляглі спаць у гіганцкай бочцы. Мяліна тут жалезная. Адчуваем сябе ў поўнай бяспецы. Курым і паціху размаўляем пра будучую працу. Я сную наконт яе розныя зманлівыя мроі, а Грабар мне падтаквае:

— Пайшло! Першая катэгорыя!

12

Залаты сезон і залатая восень ляглі на граніцу. Перамыт ідзе бесперапынку. Старых фартоўцаў амаль няма… працуюць паўстанцы. Яны інтрыгуюць, пляткараць, засыпаюць сябе ўзаемна з двух бакоў граніцы, збіваюць кошты работы.

Шчур прабыў у мястэчку два дні. Даведаўся дакладна, якія групы ходзяць за граніцу, дзе знаходзяцца пункты, якімі шляхамі ідуць на пагранічча… Прынёс шмат цікавых і важных для нас навін.

У мястэчку засталося вельмі мала старых перамытнікаў. У той жа час усё раілася, аж мігацела ад паўстанцаў — несімпатычных людзей, якія пагарджаліся нешматлікімі фартоўцамі. Граніца выглядала зараз пустой і шэрай. Неаднойчы я згадваў старых сяброў, і мяне ахоплівала самота… Юзік Трафіда не ходзіць за граніцу. Сашка Вэблін забіты. Жывіца застрэліўся. Юлік Вар’ят памёр. Пятрусь Філосаф выехаў. Болек Лорд сядзіць у турме. Кручка забілі паўстанцы. Юрлін пасля ўцёкаў Сонькі перастаў працаваць. Кітайчык згінуў у Саветах. Цвік зарэзаўся брытвай неўзабаве пасля ўцёкаў з турмы. Фэлік Маруда папаўся за граніцай на пачатку восені. Бульдога Рэўтрыбунал прыгаварыў да высылкі. Ванька Бальшавік пасля ўцёкаў з Сонькай у мястэчка не вярнуўся. Болек Камета зараз водзіць «дзікіх». Пасля забойства Сума ён адзінаццаты машыніст і адзінаццаты — вар’ят (інакш яго не ўзвялі б да такой высокай ступені годнасці). Мамант зламаў сабе нагу, калі на другой лініі скокнуў з абрывістага берага рачулкі на каменні, і пасля ўсяго гэтага пачаў кульгаць. Алінчукі ходзяць вельмі рэдка. Баяцца, каб іх не ліквідавалі за граніцай, бо ведаюць, што нажылі вельмі шмат ворагаў. «Дзікія» працуюць далей, штораз у іншым складзе. Некалькі папалася ў Польшчы, некалькі ў Саветах, некалькіх забілі або расстралялі, а астатнія працуюць яшчэ гучней і весялей пад кіраўніцтвам славутага вар’ята Баляслава Каметы. Мы ніколі не наладжвалі засад на «дзікіх», хоць гэта лёгка было зрабіць. Зараз гэта адзіная група, да якой адчуваем сімпатыю.

Зваліліся мы на граніцу нечакана. Адразу пачалі класці групу за групай. Здаралася, што за ноч спраўляліся з дзвюма групамі. I неаднойчы па некалькі разоў запар клалі адну і тую ж групу… Пагранічча ахапіла паніка. Сланы затрымцелі. Купцы пагублялі розум. Ніхто не мог зразумець, хто іх крые. Бралі іх і ў Польшчы, і ў Саветах, і на паграніччы, і на граніцы. Калі не маглі схапіць іх у дарозе, бралі на мялінах. Калі б маглі працаваць ушасцёх, — трое тут, трое там, — усе б гандляры вымушаны былі б згарнуць работу.

Наадбіралі шмат тавару. Перахоўвалі яго па лясах, стадолах, у зарослых акопах, у закінутым бровары. Час ад часу Шчур прадаваў вялізныя партыі тавару перамытнікам з Рубяжэвіч і Стаўбцоў.

Наладжвалі засады так спрытна, што ўтрох затрымлівалі самыя вялікія групы, прытым на вока выбіралі мясцовасць, час дня, колькасць групы, надвор’е, «характар» кантрабанды, гатунак групы, яе звычкі.

Неўзабаве паўстанцы даведаліся, што гэта я разбіваю групы і забіраю кантрабанду: мяне ўбачылі Салавей і Алігант, якія зараз хадзілі з «дзікімі». Заўважылі мяне разам з Грабаром, якога не ведалі ў мястэчку, і Шчурам, якога ніхто не пазнаў, бо меў змененае грымам аблічча.

Па мястэчку пайшла пагалоска, што пасля ўцёкаў я, каб адпомсціць Алінчукам, стаў падпольнікам. З таго моманту, калі дзе-небудзь засыпалася група, усю віну валілі на мяне. А Алінчукі зусім перасталі хадзіць за граніцу і нават баяліся паказвацца ўвечары на вуліцах мястэчка. Толькі адна рэч заставалася загадкай для паўстанцаў: тое, што я накрываю іх і ў Саветах, і ў Польшчы.

У выніку нашай працы некалькі груп паўстанцаў закончылі сваё існаванне, а некалькі гандляроў перасталі даваць тавар для перамыту. Мы ж працавалі далей, і чым цяжэй было, тым больш узбуджаўся наш імпэт і ўзмацнялася настойлівасць.

Гульня наша была не з лёгкіх. Яна патрабавала шмат спрыту і вытрымкі. Часамі мы проста выбіваліся з сіл. Узяўшыся за работу, вымушаныя былі трымаць у полі зроку самыя розныя рэчы. Усё гэта разам узятае стварала цікавую азартную гульню, у якой не раз ставілі на карту ўласныя галовы, але нам нельга было прайграваць… I мы не прайгравалі. Іншы раз рабілі невялікія пралікі, але хутка выпраўлялі іх. А карыстаючыся набытым вопытам і паслугамі местачковых інфарматараў, якіх Шчур шчодра аплочваў, мы працавалі амаль напэўна.

* * *

Была ў мястэчку адна група, якую дагэтуль мы не маглі схапіць, хоць неаднойчы рабілі на яе засады. Заўсёды пазбягала іх. Гэта нас выводзіла з сябе, і мы вырашылі пакласці яе абавязкова. Каб не ганяцца ўсляпую, Шчур ішоў у мястэчка здабываць звесткі. Зноў пачыналі паляванне і зноў безвынікова.

106