Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 105


К оглавлению

105

11

Неяк з адным новым знаёмым на начных прыгодах, які добра ведаў «вясёлую» подшыўку горада, я ўвайшоў у «салон», дзе было некалькі досыць прыгожых жанчын. Са здзіўленнем заўважыў там Соньку Юрлінаву, спачатку падумаў, што памыліўся, але неўзабаве пераканаўся, што гэта яна. На ёй была зялёная шаўковая сукенка з глыбокім дэкальтэ. Рукі былі зусім голыя. Выглядала маладой і апетытнай. Была вясёлай. Я надышоў да яе. He пазнала.

— У пані ёсць свой пакой? — запытаўся ў Соні.

— Так.

— Дык пойдзем.

Калі ж апынуўся ў малым пакоіку адзін на адзін з Сонькай, убачыў, што жанчына моршчыць лоб і ўважліва прыглядаецца да мяне.

Запытаўся:

— Як пані завуць?

— Лаура.

Тады сказаў ёй на «ты»:

— Добра, для ўсіх ты будзеш Лаура, а для мяне будзеш Соняй.

— А ты хто?

— Я з Ракава. Хадзіў з табой і Юрліным за граніцу. Потым не ўзялі мяне, бо страляў у мужыкоў на дрыгве паблізу Гараняў.

— Ага! Ужо пазнала!.. Гэта ж Уладзік!

— Так.

— He магла цябе прыгадаць… Так перамяніўся!..

— Уцякла ад мужа разам з Ванькам Бальшавіком?

— Так.

— Дзе ён?

У вачах Соні паказаліся слёзы.

— Кінуў мяне, халера! Забраў усё, што мела, і ўцёк немаведама куды!..

— Дык вяртайся да мужа. Ён цябе так кахае! Прыме цябе.

— Так, каб зноў пад ключом сядзець альбо лазіць па лясах… Досыць мне граніцы, бокам мне вылазіла!

— Дык лепей быць тут?

— Ну так… Што дрэннага тут?.. Гаспадыня добрая. Есці колькі хочаш. Рабіць нічога не трэба. Апранаюся як мне падабаецца. Госці мяне любяць…

Уражаны, слухаў, як хвалілася сваёй новай прафесіяй. Пасля Соня запытала мяне:

— Будзеш у мястэчку?

— Буду.

— Дык, маё золатка, не кажы там нікому, што мяне тут убачыў. He скажаш?

— Калі не хочаш, дык не скажу. Гэта мяне не абыходзіць.

Калі пазней развітваўся з ёю, зноў прасіла, дагаджальна заглядаючы ў мае вочы, каб нікому не казаў пра яе. Адчуваў у яе голасе непакой:

— He скажаш, золатка?

— Кажу, што не, дык не! I кончана!

— Ну, не гневайся.

Развітаўся. Просіць адведваць яе… Іду да Грабара. Сябра аглядае новую серыю закупак, а Шчур сядзіць у крэсле, курыць папяросу і насміхаецца з яго.

— Бачыш ты, — паказвае пальцам на Шчура. — Усеўся на мяне, як Каспар на сучку. Усё дрэнна. Усё яму не падабаецца.

— Ну, на халеру табе гэта? — кажа Шчур. — Куды падзенеш?

— Завязу ў Рубяжэвічы… Аддам маці…

— I нэсэсэр таксама? — пытаецца Шчур.

— Усё.

— Што яна будзе з ім рабіць?

— Спатрэбіцца ў гаспадарцы. Першая катэгорыя!

— Нэсэсэр замест меркі на бульбу.

— Шкада табе маіх грошай?

— Можаш іх нават выкінуць альбо спаліць!.. Мне і сваіх не шкада! — вымавіў Шчур. — Але на якога д’ябла табе ўсё гэта? Даеш зарабіць фурманам, кельнерам, швейцарам, дзеўкам — гэта разумею… Але навошта купляць усё гэта: не ведаю, не ведаю!

— Трэба даць зарабіць і фабрыкантам, — кажа Грабар і голасна пырскае смехам.

— Смяецца, як жарабец да кабылы! — кіўнуў Шчур, устаючы з мяккага крэсла і падыходзячы да вакна.

Вечарэла. У пакоі сцямнела. Святло не запальваем. Маўчым. У пэўны момант Шчур вымавіў:

— Ведаеце што, хлопцы?.. Ці не досыць гэтага?.. Зараз залаты сезон, самая работа, а мы тут забабіліся, дзеўкам валасы пад пахамі падглядаем!..

— Хопіць гэтага! Заўтра вяртаемся! — рашуча кажу я.

Грабар маўчыць.

— I я вяртаюся! — кажа Шчур.

— Ну, дык і я з вамі, — адгукаецца Грабар. — Але трэба напаследак гульнуць! — дадае жвава. — Каб іскры ляцелі. Першая катэгорыя!

Затрымаліся на ўскраіне мястэчка і адпусцілі селяніна, які прывёз нас са станцыі Аляхновічы да Ракава.

— Вы, хлопцы, пастойце тут, я схаджу да Гусяра. Даведаюся, што чуваць у мястэчку, — кажа Шчур.

— Толькі вяртайся адным духам, — адказаў Грабар.

— Добра.

Шчур знік у цемры.

He вяртаўся больш за гадзіну, а калі нарэшце прыйшоў, дык сказаў:

— Ну, хлопцы, добра, што адразу не пайшлі на пункт. Там нас ужо другі дзень чакаюць… Зрабілі вобыск… Нехта данёс, што ты хаваешся ў Кручка… Усляпую, сабакі, тыкаюць пальцамі і трапляюць! Пра мяне яшчэ нічога не ведаюць… Толькі цябе шукаюць!.. Ну, і яго, — Шчур кіўнуў галавой на Грабара. — Але не ведаюць, хто ён такі.

— Што зараз рабіць? — запытаўся я ў Шчура.

— Ведаю адно месца… Мяліна мураваная і пункт добры… Толькі там трэба ці-і-ха…

— Дык вядзі туды!

Абмінаючы мястэчка, берагамі рэчкі выйшлі на поле. Доўга прабіраліся па вузкіх сцежках каля Іслачы. Затым, ідучы па палях нацянькі, наблізіліся да вялікага мураванага, але крыху разбуранага гмаху.

— Што гэта? — запытаўся ў Шчура.

— Бровар… Тут зараз вёска Паморшчына. А да мяжы як рукой падаць. He раз пакідаў тут тавар і сам кімарыў.

Шчур падышоў да аднаго вакна ў тыльнай сцяне бровара, які зараз не дзейнічаў, і без напругі выцягнуў з фрамугі вялікі, нагледжаны раней і вырваны ломам жалезны крук. Пасля ён адхіліў ваканіцу і загадаў нам залазіць усярэдзіну. Мы апынуліся ў невялікай прыбіральні, дзверы з якой вялі ў іншыя памяшканні і да самога бровара. Прыкмеціў у адным куце магутны кацёл, а ў другім вялізную бочку, у якой пры патрэбе можна было б і затанцаваць у дзве пары. Зазірнулі ў сярэдзіну той бочкі. Было там шмат сала, вядро і некалькі пляшак ад гарэлкі — рэшткі даўняга гаспадарання Шчура. Паклалі ў бочку прынесеныя з сабой рэчы. Шчур прынёс для нас з недалёкай рэчкі вядро вады. Пасля мы накіраваліся ў лес, да хутара маці Кручка. Я адшукаў ліпу, у якой хавалі зброю, выняў з дупла рэвальверы, набоі, нажы, паясы, торбы і ліхтарыкі. Забралі з сабой зброю і рэчы.

105