Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 102


К оглавлению

102

— Ведаеце, хлопцы, што?

— Ну, ну, кажы хутчэй! — не выцерпеў Грабар.

— Пятрусь Філосаф развітваецца з граніцай. Сёння ад’язджае ў Вільню. Хоча ўбачыцца з табой, — прамовіў да мяне Шчур.

— Ён знайшоў родных. Учора атрымаў ліст ад маці. Як п’яны хадзіў. Сёння пачаў збірацца ў дарогу. Ягоны гаспадар, Мужаньскі, ледзьве не плача. Прызвычаіўся стары да яго. Як сына палюбіў.

Шчур замоўк. Доўга думаў, а пасля дадаў:

— Ведаеце што, хлопцы? А можа, і мы на пару дзён у Вільню злятаем? Што… Маем гэтулькі скурак. Трэба іх апыліць. Ну і пазабаўляемся збольшага. Што ты на гэта скажаш?

— Пайшло! Першая катэгорыя! Я дык хоць зараз! — вымавіў Грабар.

Тады і я далучыўся.

— Таксама згодны. Зрэшты, сапраўды, трэба штосьці зрабіць са скуркамі. Столькі іх назбіралася!

Шчур пайшоў у мястэчка пагаварыць з Петрусём пра наша падарожжа ў Вільню. Вярнуўся ўвечары, прынёсшы два вялікія новыя чамаданы. Уклалі туды ўсе скуркі і пачалі даводзіць да парадку сваё адзенне, каб выглядаць трохі паважней.

— Пятрусь таксама едзе начным цягніком? — запытаўся я ў Шчура.

— Так.

— Ведае пра тое, што і мы далучымся?

— Ведае. Ён едзе адзін. Сустрэнемся ў цягніку па дарозе.

Увечары мы развіталіся з Гэляй і яе маткай, пакінуўшы ім шмат грошай. He хацелі браць, кажучы, што гэтага больш, чым трэба. Але Шчур сказаў, што гэта іх працэнт ад нашай работы. Паабяцалі ім вярнуцца праз тыдзень. Пасля, калі надышоў вечар, з валізкамі ў руках мы пайшлі ў напрамку мястэчка.

Кругавымі сцежкамі абышоўшы яго лугамі і агародамі, накіраваліся да гасцінца, які вёў з мястэчка да станцыі.

Затрымаліся на ўскраіне, непадалёк ад канца Віленскай вуліцы.

— Каго чакам? — запытаўся я ў Шчура.

— Фурмана.

— Як нас тут адшукае?

— Ён адшукае… Дамовіліся… Гэта Янкель Парх…

— А, гэта мяняе справу!

Праз некалькі хвілін пачулася туркатанне колаў воза, які ляцеў па Віленскай вуліцы. Наблізіўся да нас. Пазнаю голас фурмана.

— Но-о-о! Дзеці!.. Но-о-о!..

Шчур запаліў ліхтарык і зрабіў вялікае кола ў паветры.

Воз затрымліваецца. Узлазім на шырокую і моцную, прыстасаваную да такіх няпростых дарог фурманку. Янкель нейкім дзіўным чынам апазнае мяне. Магчыма, бачыць у цемры, як кот, бо я не адгукнуўся ніводным словам.

— Прывітанне Уладзіку!

— Добры вечар, Янкель!

Воз кранаецца з месца і мчыць у густы змрок наперад.

Едзем не па звычайнай, дастаткова зручнай дарозе да Аляхновіч, якая пракладзена ўздоўж граніцы: з Ракава да Кучкуноў і Дубрава, а дарогай на Бузуны і Воўкаўшчыну. Гэта дрэнная дарога. Увесь час мне здаецца, што мы зараз выкулімся… Воз хістаецца справа ўлева, скача ўгару, а коні ляцяць удалячынь, праз палі, лугі і лясы, каля вёсак і хутароў.

— Но-о-о! Дзеці!.. Но-о-о!

Мне прыгадваецца язда з Сашкам і Жывіцам, і жаль сціскае сэрца.

Мінаем Дубрава і звычайнай дарогай, аб’язджаючы шматлікіх падарожных, нясёмся далей.

На станцыйным пляцы Янкель затрымлівае каня. Шчур і Грабар застаюцца на возе, а я іду па білеты. Меркаваў купіць другі клас, але Шчур сказаў мне, што гэта зверне ўвагу, бо мы не адпаведна апранутыя.

Іду на вакзал. Стаю ў чарзе да касы і купляю тры білеты. Пасля вяртаюся на пляц перад вакзалам. Воз знаходзіцца побач з заездам… Сябры стаяць непадалёк і, п’ючы гарэлку, частуюць ёй фурмана.

— Хутка адыходзіць цягнік? — запытаўся Шчур.

— Праз квадру гадзіны.

— Ну, дык пайшлі!

Шчур шчодра плоціць фурману. Дадае ад сябе 20 даляраў і кажа:

— На шчасце.

— Дай вам Бог шчасця! — адказаў Янкель.

Бярэм чамаданы і абыходзім вакзал. He хочам ісці праз залу адпачынку, дзе паліцыя і дзе можам спаткаць знаёмых з мястэчка. З другога боку цягніка падымаемся ў адзін з вагонаў трэцяга класа. Займаем вольнае аддзяленне.

Цягнік кранаецца з месца. Шчур выходзіць з вагона. Пайшоў шукаць Петруся. Неўзабаве яны вяртаюцца разам. Вітаюся з калегам. Дапамагаю пакласці на паліцу яго рэчы. Размаўляем пра рознае. Непрыкметна плыве час. Шчур і Грабар леглі спаць, а мы ўсё гаворым. Пятрусь хоча аддаць мне грошы, але я прапаную яму ўзяць ад мяне на захоўванне яшчэ 2900 даляраў, каб разам было 4000. Неахвотна згаджаецца.

Раніцай прыехалі ў Вільню. Шчур сказаў, што затрымаемся ў розных гатэлях, каб не звяртаць увагі агентаў паліцыі. Пятрусь даў мне адрас сваёй маткі, якая жыла на Звярынцы, і папрасіў наведацца вечарам.

Шчур пасяліўся ў другарадным гатэлі непадалёк ад станцыі. Аднеслі туды ўсе свае рэчы. Я спыніўся ў гатэлі на вуліцы Вялікай. А Грабар велічным рухам рукі кіўнуў на фурмана:

— Вязі ў гатэль!

— Які?

— Першая катэгорыя!

— Ёсць Брыстоль, Кунецкі, Палас…

— Вязі да лепшага!

* * *

Напачатку вялікі горад зрабіў на мяне незвычайнае ўражанне. Проста ашаламіў. Мяне раздражняў вулічны рух. Аглушаў галас… Мінуўшыя два гады жыцця на воўчай назе не прайшлі марна. Мноства нявыспаных начэй, заўсёднае ўзіранне вачыма ў цемру, сталае знаходжанне пад кулямі, неабходнасць паводзіць сябе асцярожна стварылі з мяне іншага чалавека. Я змяніўся нават фізічна.

Даўно не бачыў сябе ў вялікім люстэрку. Калі зараз я, апрануты з ног да галавы ва ўсё новае, паглядзеў у люстэрка, то здзівіўся: убачыў незнаёмага чалавека! Асабліва ўразіў мяне твар і вочы… халодныя, а ў іх затаіліся незвычайныя глыбіні, якіх не было раней… З таго часу не люблю ўзірацца ў вочы людзям і стараюся, каб мой погляд быў спакойны, лагодны… Доўга прыглядаўся да сваіх вачэй, стараючыся зразумець: што гэта? Але не мог таго ўцяміць!.. Там было штосьці ад змрокаў ночы, ад бляску сталі, ад яскравых агеньчыкаў карабінавых стрэлаў, ад сталага чакання ўдару і жадання апярэдзіць гэты напад… Адбілася ў іх таўро ночы і граніцы…

102