Пяты дзень адзін сяджу на мяліне ў Краснасельскім лесе. Шчур і Грабар панеслі за граніцу скуркі (мелі іх вельмі шмат), каб там прадаць. А я застаўся ў лесе сачыць за групай Казіка Павука, які водзіць вялікую групу паўстанцаў. Нас паінфармавалі, што група Павука звычайна двойчы вяртаецца з Саветаў без тавару, а на трэці — нясе назад вялікую колькасць скурак. Нам рупіла тое, каб схапіць гэтую групу тады, калі будуць несці скуркі за тры партыі тавару. Краснасельскі лес (у якім мяркуем апрацаваць групу Павука) яны перасякаюць па чатырох дарогах. Калі ўважліва назіраць іх пераходы і лічыць па чарзе іх шляхі з таварам, можна прыблізна меркаваць, калі і якім шляхам будуць вяртацца са скуркамі з Саветаў.
Сяджу і фіксую праходы групы Павука. Да гэтага часу ні разу не празяваў і штодня ўвечары і ранкам праглядаю сляды па чатырох «дарогах», якімі звычайна ходзіць група Павука праз Краснасельскі лес. Пасля заціраю гэтыя сляды, якія засталіся на балоце, пяску, па беразе рачулкі і на дарозе, каб лепш заўважыць іх з’яўленне ў наступны раз. З гэтага раблю амаль беспамылковую выснову, якой дарогай у наступны раз пойдуць сланы.
Шчур і Грабар паабяцалі мне вярнуцца найпазней праз тыдзень. Прададуць скуркі і прынясуць тытуню і спірту. Адыходзячы, хлопцы пакінулі мне трохі сала, няпоўную пляшку спірту і некалькі плітак шакаладу. Я павінен абысціся гэтым да іх звароту.
Неўзабаве пасля адыходу сяброў пачалася залева. Ліло без перапынку дзень і ноч. Я наскрозь прамок. Раніцай пачаў будаваць сабе будан, але той быў слабы, цесны і працякаў. Тады я надраў шмат кары з дрэў і пачаў рабіць страху. Працаваў доўга, абдумваннем кожнай драбязы і работай забіваў самоту. Нарэшце закончыў страху, замацаваў яе на чатырох жэрдках, над вогнішчам, якое бесперапынку заліваў дождж. Пасля, схаваўшыся ад дажджу зверху, пачаў будаваць тры бакавыя сцяны, каб касы дождж не забіваў і пад страху.
Дровы для вогнішча былі мокрыя і дыміліся. Гэта стамляла мяне і было небяспечна, бо дым здалёк выдаваў маю прысутнасць. У кіламетры ад схованкі заўважыў складзеныя штабялямі сухія бярозавыя дровы. Зняўшы верхнюю частку, пачаў іх насіць да сябе. Складаў пад страхой так, каб не замоклі. Зараз меў шмат дроў і быў добра схаваны ад непагадзі.
Кот увесь час круціўся ля мяне. Як толькі дождж пераставаў ліць, кот знікаў недзе ў лесе. Вяртаўся мокры, цёрся аб мяне, грэўся пры вогнішчы і спяваў сваю аднастайную песню. Мне рабілася весялей, калі адчуваў прысутнасць ката. Я размаўляў з ім, дзяліўся рэшткамі яды, а ён прымаў усё гэта як належную ўвагу. Аднак нягледзячы на яго прэтэнзійную паставу, мой сябар з адсечаным хвастом і падзёртымі вушамі выглядаў бяздомным абарванцам, валацугам, а не сур’ёзным хатнім пагромшчыкам мышэй.
Вечарам я ішоў у лес. Нацягваў ніткі на добра знаёмых мне лясных сцежках. Загароджваў пераходы злёгку ўмацаванымі галінкамі. На берагах рэчкі і ручаёў, дзе я знаходзіў сляды, заціраў старыя, каб пасля новага пераходу групы заставаліся свежыя. Затым вяртаўся ў сваю схованку. Неаднойчы з вялікай цяжкасцю адшукваў яе ў начной цемры. Падкідваў дроў у глыбока выкапаную ў зямлі ямку для вогнішча. Засланяў уваход будана і расстаўляў навокал розныя перашкоды такім чынам, каб людзі, якія надумаюць падкрасціся, нарабілі галасу. Пасля пёк бульбу. Еў яе з салам. Выпіваў крыху спірту і, не падкідваючы ў полымя, каб не было водбліскаў, клаўся спаць на смаляных, абагрэтых пры вогнішчы яловых лапках.
Дождж барабаніць па страсе і цуркамі сцякае па яе краёх. Жар ад вогнішча напаўняе цяплом маю цесную схованку. Кот прыціскаецца да мяне і мурчыць песню. Зброю трымаю падрыхтаванай, хоць і адчуваю тут сябе ў поўнай бяспецы… Хто сюды дойдзе ў змроку?.. Ноч — матка няшчасных людзей, якія вымушаны хавацца ад астатніх — ахінула мяне сваім покрывам.
Раніцай іду вывучаць пакінутыя ноччу на сцежках і таемных пераходах сляды. З гэтага раблю розныя высновы і дакладна занатоўваю іх у памяці.
Хутка па адыходзе сяброў заўважыў, што група Павука таксама вярнулася дахаты. Ад гэтага часу яны за граніцу не хадзілі. Магчыма, ім перашкодзіла залева. Прагледзець іх пераход я не мог. Калі б нават не ўсачыў за пераходам да Саветаў, дык павінен быў бы заўважыць іх зварот. Бо нішто не выпала з маёй увагі. Ведаю, колькі дробных груп перайшло да Саветаў і колькі вярнулася. Мяркую так па слядах і шматлікіх акалічнасцях, якія, разам узятыя, ствараюць дакладны малюнак начнога жыцця пагранічча.
Заканчваецца шосты дзень майго побыту ў Краснасельскім лесе. Спірту няма ўвогуле. Шакалад таксама скончыўся. Засталося ў мяне крыху сала. Ашчаджаю яго і таму ўвесь час галодны. Печаная бульба без солі мне ўжо абрыдла. Група Павука дагэтуль не пайшла за граніцу, і нішто не прымушае мяне сачыць за імі далей. Лягчэй можна даведацца пра яе ў мястэчку. Разважыўшы, вырашыў сёння ўначы ісці за граніцу.
Адзін дзень і ноч дажджу ўвогуле не было, а зараз пачалі збірацца чорныя хмары. Яны шчыльна засцілаюць неба, і робіцца цёмна. Рыхтуецца вялікая залева. Кот непакоіцца. Усё круціцца, хоча некуды бегчы, мяўкае. Супакойваю яго.
Надыходзіць вечар. У лесе зусім сцямнела. Запанавала цішыня. Усё замерла, і здаецца, што толькі хмары з глухім лапатаннем нясуцца па небе. Закідваю ў полымя ўсе дровы і раскладаю вялікае вогнішча. Грэюся і пяку бульбу. Выгортваю яе набок. Выймаю з сумкі апошні кавалак сала. Даю трэцюю частку кату, а сваю долю з’ядаю з гарачай бульбай.
Усё больш цямнее. Падымаюся. На развітанне лашчу ката, а пасля выходжу са схованкі. Кот мяўкае ззаду. Магчыма, адчувае, што назаўсёды пакідаю яго.