— Калі яшчэ будзе тавар, дык прыходзьце! — наказала мне Лёня. — Я пункт цяпер не трымаю, але твой тавар заўжды прадам.
Ноч была цёплая. Прыемна было ісці палямі і лясамі без ношак за плячыма. Быў пярэдадзень нейкага свята. У вёсках дзяўчаты цягнулі беларускія песні. Крочым праз лугі, палі і лясы, па сцежках, імхах, дарогах… Усё на захад. Туды, дзе нясецца наўскасяк зверху ўніз, з усходу на захад Вялікі Воз.
Мы выдатна дапасаваліся адзін да другога. У нас дасканалая зброя. Маем шмат грошай і надзею на яшчэ большыя… Навошта яны мне? Хіба я ведаю? Мне грошы ўвогуле не патрэбны. Абыходжуся малым.
Ужо сярэдзіна траўня. Шчур падрыхтоўвае ў мястэчку нашы справы: уважліва і спрытна разнюхвае, ці не пойдзе за мяжу якая-небудзь група паўстанцаў. Грабар цэлымі днямі адсыпаецца на гарышчы нашага пункта ў маці Кручка. А я, з двума парабелумамі ў кішэні, швэндаюся па дарогах і лясах. Часамі заходжу вельмі далёка. He ведаю, што мяне падганяе. He магу гэтага і зразумець… Магчыма, гэта сум? Але па чым сумаваць? У мяне ёсць ежа і гарэлка, адданыя сябры…
Веснавы поўдзень. Сонца прапякае гарачымі промнямі глебу. Лес іграе, шуміць і спявае… Зямля млее і цяжка дыхае!
Працягваю хадзіць па лясах вакол мястэчка. Зрэдку да мяне далучаецца Грабар (але толькі вечарамі, мой сябра не любіць сонца), і тады мы ідзём да бліжэйшых вёсак. У нас там шмат знаёмых хлапцоў і дзяўчат. Прыцягваем іх да сябе гарэлкай і цукеркамі. Грабар не выбірае — задавальняецца абы-чым, толькі каб была баба! А днём з цынізмам насміхаецца над дзяўчатамі, якіх вечарамі і начамі з працавітай трываласцю абмацвае на прызбах і па гумнах. Кажа, напрыклад, так:
— Вясна для мяне пачынаецца далёка за каленямі, а канчаецца каля пупка. Гэта першая катэгорыя! Няма розніцы. А рэшта не ўлічваецца!..
Грабар умее размаўляць з дзяўчатамі і, нягледзячы на тое, што сам брыдкі і цынік, карыстаецца ў іх папулярнасцю. У кожнай навакольнай вёсцы ў яго па некалькі каханак… Я не раз чуў, як ён апавядаў дзяўчатам такія амаральна-вытанчаныя, заслюняўленыя анекдоты, што аж плявацца хочацца, а тыя клянуць яго, дубасяць кулакамі, вушы сабе затыкаюць пальцамі, але слухаюць і лезуць да яго.
Калі ночы не занятыя працай, Грабар на пункце не спіць. Вяртаецца толькі пад раніцу, што-небудзь з’есць і кладзецца спаць аж да вечара, пакуль зноў не выходзіць на інспекцыю па вёсках. Таму я заўсёды ўдзень адзін, ды і спаць доўга не магу. Тады, задумаўшыся, бадзяюся па лясах. Цэлымі гадзінамі ляжу на мяккіх імхах, узіраюся ў глыбокі лазуровы фон неба, па якім прабягаюць лёгкія аблачынкі або доўгія чароды хмар.
Аднойчы я прабавіў шмат часу ў лесе каля Душкава. У мяне з’явіўся намер абысці вёску Выганічы і вярнуцца на пункт. У гэты момант, стоячы на ўзлеску, заўважыў пару, якая рухалася па дарозе — маладога хлапца і дзяўчыну. Постаць юнака мне некага нагадвала. Я адышоў у лес і схаваўся ў хмызах.
Сярод тых, што набліжаліся, пазнаў Петруся Філосафа, які трымаў пад руку невядомую мне паненку. Ніколі не бачыў яе ў мястэчку. Была сціпла апранутая. З чорнымі валасамі, брывамі і светлым воблікам. Была надта маладая, нават маладзейшая за Петруся. Мне падалося, што недзе бачыў гэты твар. Спачатку хацеў падысці да іх, але калі заўважыў у дзяўчыны падабенства да некага, каго я ведаў раней… спыніўся. Абмінулі мяне. Ціха размаўляючы, пайшлі далей. А я глядзеў услед і ўсё думаў, думаў… Нарэшце прыпомніў Капітанскую Магілу і здань… гэты самы воблік… або вельмі блізкі… Бачыў яго ў гарачцы, паўставаў са змроку, аднак застаўся ў памяці.
Сачу за імі зводдаль. Няма рашучасці падысці. Штосьці мяне ўтрымлівае.
Наблізіліся да Душкаўскага маёнтка і павярнулі назад. Крочу за імі. Пасля забягаю лесам наперад і залажу ў прыдарожныя кусты. Падыходзяць да схованкі. Чую дзявочы голас:
— Няхай спадар напіша ў Варшаву. Магчыма, там знойдуцца якія-небудзь звесткі?
— He, панна Ірэна!.. Усё гэта намарна. Думаю зараз, пры дапамозе газет, звярнуцца да эмігрантаў… Маглі выехаць у Германію альбо Францыю. Павінны мець знаёмых, што ведаюць пра іх лёс…
Працягу размовы не разабраў. З самога ўрыўка зразумеў, што Пятрусь імкнецца адшукаць сваіх блізкіх, і размаўляў пра гэта з дзяўчынай, імя якой — Ірэна. Але хто яна? Адчуваў, што гэтую загадку без дапамогі Петруся мне не разгадаць…
Адыходзілі ўсё далей ад мяне і зніклі за нейкім пагоркам. А я доўга ўзіраўся ўслед.
Крочу па палях у напрамку лесу, дзе знаходзіцца наш пункт. У памяшканні Гэля рыхтуе нам вячэру. Маглі б есці ў пакоі, але на гарышчы адчуваем незалежней — няма ўмоўнасцей. З гэтае нагоды кладу яду ў кош, выходжу з хаты і залажу на гару. Убачыўшы мяне, Грабар зірнуў прыплюшчанымі вачамі і прытварыўся, што спіць.
— Чалавек, калі ты выспішся! — кажу я, здзіўлены.
— Ну, бо што?.. Што трэба рабіць?.. Ноччу да баб на біржу, а днём дрыхну.
— Падымайся есці!
Са смакам ядзім засмажаную са скрылёчкамі ад бачка яечню, гарачыя бліны, тушанае мяса, капусту. Выпіваем пляшку гарэлкі. Пасля закурваем папяросы. Да заходу сонца яшчэ далёка.
— Быў Шчур, — вымавіў Грабар.
— Ну?..
— Прынёс 10 пляшак «гамэры» і 2000 папярос.
— Што казаў?
— Паўстанцы сядзяць ціха. У дарогу не рыпаюцца. А Алінчукі данеслі на цябе ў паліцыю, што абрабаваў іх на дарозе з Ракава да Аляхновіч.
— Супакойся! He можа быць!
— Шчур казаў. Таксама лаяўся. Першая катэгорыя!
— Але ж не маглі мяне пазнаць. He адгукнуўся ж да іх ні адным словам, не бачылі мяне ўвогуле!
— Шчур казаў, што гэта яны з понтам, налева. Яны самі не ведаюць, хто іх абрабаваў, а на цябе данеслі са злосці. Гэта Альфрэдава работа… А што, хвалюе гэта цябе? I так ніхто не дасць веры, што ў іх адабралі тавар па дарозе на станцыю.