Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 73


К оглавлению

73

— Пайшоў з групай. Яшчэ не вярнуўся.

— Што з табой? — запытаўся ў Юліка, убачыўшы, як марна ён выглядае.

— Застудзіўся… Але гэта нічога…

Хлопец пачаў кашляць. Прыступ кашлю быў доўгі і цяжкі. У вачах Петруся я прачытаў неспакой.

— Ведаеш што? — кажу Петрусю. — Можа, прыхаваеш мае грошы? Бо я, разумееш, хаджу за граніцу… Секануць мяне там, і грошы змарнуюцца… Вы зараз не ходзіце?

— He… Грошы магу зберагчы.

Спяшаючыся, вымаю з кішэні пачак банкнотаў. Адлічваю 1200 даляраў і даю іх Петрусю.

— Але ж гэта шмат!

— Дастаткова… Працаваў таксама шмат!

Развітваюся з хлопцамі і крочу да дзвярэй. Каля парога затрымліваюся.

— Ці ведаеце, што… Сашкі няма!

— Як няма… у мястэчку?

— He… Зусім няма!

Раблю ў паветры знак крыжа. Бачу іх здзіўленыя вочы.

Выходжу на падворак і гляджу ўгару. Месяц, апусціўшыся нізка, без прычыны смяецца.

Вуліцамі крочу ў напрамку Фэлінай хаты. У вокнах яе сядзібы цёмна. Моцна стукаю ў шыбіну… як тады… Чую паспешлівыя крокі…

— Хто-о?

— Уладзіслаў.

— Які Уладзіслаў?

— Ну, Уладзік.

— Ага!

Неўзабаве апынуўся ў памяшканні. На стале гарыць лямпа. Здзіўленымі вачыма Фэля ўзіраецца ў мяне. Доўга маўчыць, a потым кажа:

— Добры вечар!

— Добры вечар!

Зноў маўчым.

Засоўваю руку ў бакавую кішэню курткі і вымаю замшавы мяшэчак. Падаю яго Фэлі і кажу:

— Гэта ад Сашкі.

Бярэ яго ў рукі. Выцягваю Сашкін партманет і таксама падаю ёй.

— I гэта ад Сашкі… Я ўзяў адтуль 500 даляраў сабе і 500 для Жывіцы. Ён так распарадзіўся. А гэта наказаў аддаць пані.

— Што тут? — рухам галавы паказала на торбачку.

— He ведаю. He глядзеў.

Нечакана Фэлін лоб перасякае глыбокая маршчына, такая ж, як у брата. Яе вочы цямнеюць. Бровы ссоўваюцца.

— А дзе ён?

— Яго няма.

— Няма?

— Так… Бальшавікі забілі яго непадалёку ад граніцы.

Расказваю коратка, аднак дакладна, пры якіх абставінах загінуў Сашка. Яна ўважліва слухае. He перабівае пытаннямі… Бачу бледны твар… усё больш бялее… Ідзе да крэсла і сядае…

Доўга маўчым. Гляджу на яе, а ў душы — поўная пустка. Падняла галаву.

— Можа, пані нечым дапамагчы?

— Спадар «выстаўны»?

— Так.

— Нічога не трэба. Я ўсё арганізую сама. У пана ёсць дзе схавацца?

— Ёсць.

— Добра. Зараз жа еду да яго… Жывіца там?

— Там.

Ідзе ў суседні пакой і пачынае збірацца. За хвіліну вяртаецца.

— Можаце ісці. He затрымліваю пана.

— Да сустрэчы.

— Да сустрэчы.

Выходжу з памяшкання. Доўга бадзяюся па вуліцах. Наставіў каўнер курткі. Ніхто мяне не пазнае.

Гляджу ўгару. Месяц усё смяецца.

Мяне абмінаюць нешматлікія прахожыя. Хутка крочу вуліцамі. Холадна. Налятае рэзкі пранізлівы ўсходні вецер. З вачэй коцяцца слёзы.

Іду да Гінты. Мушу штось зрабіць. Але што? Хіба напіцца.

У салоне знаёмых няма. Пад столлю гарыць падвешаная на дроце керасінавая лямпа. Яна слаба асвятляе вялікі пакой. Сярэдні стол пусты. Збоку, пры малым століку, бачу чатырох паўстанцаў.

Клічу Гінту.

— Даўно не бачыла пана Уладзіка, — кажа жыдоўка.

— Дык што з таго?

— Нічога, а што пан жадае?

— Бутэльку сівухі, агуркі і кілбасу.

П’ю адзін. Паўстанцы не звяртаюць на мяне ўвагі. He ведаю чаму, але я вельмі спяшаюся, хоць ісці няма куды. Усё зрабіў.

Выпіў яшчэ паўбутэлькі гарэлкі. Стала цяплей, але мацней цісне сум.

Разлічыўшыся за ўсё, выходжу на вуліцу. Зноў блукаю па мястэчку.

Падае снег. Дробныя бялюткія сняжынкі весела лятаюць у паветры. Цягнуцца ўгару па доўгіх месяцовых промнях і па іх жа саслізгваюць долу.

Хочацца спаць. Я так даўно не спаў. Вельмі стаміўся.

Позна ўвечары пастукаўся ў вакно да Калішанак. Зузя адамкнула дзверы. Пляскае ў далоні і вельмі голасна выказвае радасць:

— А… Гэта пан Уладзіслаў! Нарэшце! Вітаю! Вітаю пана! Вітаю!

— Вітаю! Вітаю! — змрочна паўтараю яе словы.

— Калі ласка, праходзьце. Калі ласка.

Усміхаецца. Вірлівымі вачыма, вывучаючы, абмацвае мяне.

— Можа, што з’есці, выпіць?

— Дай гарэлкі.

— Зараз будзе. Зараз. Усё, што пан захоча. Сядай, пан, тут. Тут выгодней.

Зноў п’ю гарэлку. Зузана спакушальна ўсміхаецца. Увесь час круціцца па хаце. Устае з-за стала, пасля зноў сядае. Яе грудзі скачуць, нібы налітыя вадой гумавыя шары.

— А Тоська часта пана ўспамінае… А пан гэткі «не ў гуморы». Я гавару і гавару, а пан сабе — нічога!

— Язык у мяне замёрз. Трэба разагрэць!

Зузя голасна рагоча і пульхнымі далонямі б’е па ляжках.

Працягваю піць. Потым куру папяросу за папяросай. Кабета скоса паглядае на мяне.

— А можа, бай-бай? Да Тосенькі ў ложачак. З такога холаду ды на цёплыя ножкі!.. Хэ-хэ-хэ!

Трасецца ў бязгучным смеху.

Бачу, што ў яе два насы і шмат вачэй, а таксама, што ўсё трасецца і калоціцца, як гума, як цеста.

Крочу ў суседні пакой. За мной з лямпай у руках шлэпае пантофлямі Зузя.

— Тосенька, прывітай добра пана Уладзіслава!

— Мамуся, як з глузду з’ехала! — адказвае заспаная дзяўчына.

Распранаюся. Так даўно не спаў. Зузя сцягвае з мяне боты.

Пасля ўсім целам ныраю ў мяккі цёплы ложак. Зузя нешта кажа, хіхоча і з лямпай у руках выходзіць з пакоя. Робіцца цёмна. Тоська прыціскаецца да мяне гладкім гарачым целам.

«Здарылася нешта вельмі важнае! Вельмі! Вельмі! Вельмі!.. Але што?»

Лячу ў душную гарачую бездань.

* * *

— Ну, падымайся! — чую праз сон патрабавальны голас.

Хтосьці трасе мяне за руку.

73