Сядзім на краю адхону. Ногі звесілі ўніз. Пад намі рассцілаецца шэрая паласа дарогі і знікае ў сівым сутонні.
Грабара з намі няма. Ён у засадзе з другога боку рэчкі ў купіне кустоў, недалёка ад моста. Мы ўлічваем тое, што група можа падацца іншай дарогай, бо з левага боку моста таксама знаходзіцца брод. Калі б Грабар заўважыў, што паўстанцы перапраўляюцца там, ён павінен быў паведаміць пра гэта, і мы разлічвалі перапыніць іх у некалькіх кіламетрах ад абранага месца.
Калі сядзелі, асцярожна пакурваючы, на краю адхону, заўважыў, што ўнізе нешта рухаецца. Гэта выглядала так, як бы раптоўна частка дарогі пачала без шуму паўзці ўгару… Паспешліва нахіляюся ўніз. Чую лёгкі звон, нібы ад удара металу аб метал. Зноў такі самы звон. Напэўна, стук зброі… Падымаю з каленяў парабелум і кладуся на крайку рова. Шчур укленчыў побач з рэвальверам, падрыхтаваным да стрэлу. Сплывае некалькі секунд, і мы бачым, як унізе, акурат пад намі, сунуцца два ўзброеныя чырвонаармейцы. Іх сівыя шынялі зліваюцца з шэрым фонам дарогі, і, калі б не рухаліся, нельга было б іх заўважыць нават з такой блізкай адлегласці. Лёгкі бразгат зброі грыміць без перапынку, пры кожным іх кроку. Тупата ўвогуле не чуваць, бо ногі чырвонаармейцаў патанаюць у мяккім пыле, што засцілае дарогу…
Усё глядзім уніз. Губляем іх са зроку. Лёгкі стук зброі сціхае ўдалечыні.
— Пайшлі, — ціха кажу я Шчуру.
Той доўга не адказвае мне, а пасля шэпча:
— He… Стаяць…
— Пайду пагляджу.
Падымаюся і, робячы павольна і ціха вялікае паўкола паміж соснаў, якімі зарос верх рова, выходжу на ўскрай вялікай паляны, пасярэдзіне якой бяжыць дарога да граніцы. He адрозніваю ні процілеглага, парослага лесам краю паляны, ні мастка на дарозе, у той жа час мне здаецца, што я чую ляскат зброі, які аддаляецца. Кладуся на зямлю і гляджу ў напрамку дарогі такім чынам, каб позірк наўскасяк трапляў на цёмны фон неба. Абсяг так значна пашыраецца. Мне здаецца, што адрозніваю постаці людзей, якія адыходзяць па дарозе. Амаль упэўнены ў гэтым. Вяртаюся ў лес і крочу да краю абрыву. Тут у адным месцы, паміж выступаючымі карэннямі сасны, я пакінуў брызентавую торбу, у якой было шэсць пляшак спірту, літр лікёру і больш дзесятка шакаладных плітак.
Шукаю тое месца. Нахіліўшыся ўніз, павольна іду паміж дрэвамі. У левай руцэ ліхтарык, у правай парабелум. У гэты момант заўважаю ля краю абрыву, недалёка ад пня старой сасны, нейкую шэрую пляму. Думаючы, што гэта мая торба, нахіляюся, каб яе ўзяць. Нечакана тая пляма адсоўваецца ад маёй выцягнутай рукі, і я чую крык:
— Кто это? Руки вверх!
Раблю моцны скачок назад і ўніз. Укленчваю і з выцягнутай улева рукі накіроўваю перад сабой сноп электрычных промняў з ліхтарыка. Бачу дзве галавы ў будзёнаўках з чырвонымі зоркамі наперадзе. Дзве карабінавыя рулі, накіраваныя ў тое месца, дзе перад гэтым за хвіліну быў я. Адначасова справа, з берага рова, бліснуў яшчэ адзін ліхтарык і даляцеў голас Шчура:
— Руки вверх.
Я пагасіў свой ліхтарык і саскочыў уніз з абрыву, які ў гэтым месцы быў невысокі, і апынуўся паміж чырвонаармейцамі. Трымаю напагатове парабелум. Шчур свеціць на нас зверху.
— Што за такія, сукіны дзеці? — пытаюся, лаючыся па-расейску.
— Чырвонаармейцы.
— А што вы тут, да д’ябла, робіце?
— Вяртаемся з Краснага. Былі там у засадзе.
— Адкуль будзеце? З граніцы?
— Ну, так.
— А хто вам дазволіў бадзяцца па тылах і рабіць засады?
— Палітрук.
— У вас ёсць чырвонаармейскія кніжкі?
— He.
— А адкуль я, да халеры, магу ведаць, што вы сапраўдныя чырвонаармейцы?
— Вы, таварыш, не сварыцеся. He маеце на гэта права!
— А чаго тут лазіце і палохаеце нам перамытнікаў?
— Мы ішлі па дарозе… вельмі ціха…
Шчур, працягваючы свяціць ліхтарыкам, таксама саскочыў уніз. Пасля загасіў ліхтарык, і нас на нейкі момант, пакуль мы не прызвычаіліся, агарнула цемра.
— У вас ёсць крыху часу? — запытаўся сябра ў чырвонаармейцаў.
— Ёсць.
— Дык дапамажыце нам… Трэба ціха… Могуць пачуць. Зараз палова другой. Ёсць сэнс яшчэ да трох пасядзець…
Адзін з салдатаў адгукнуўся да мяне:
— Таварыш, на тым баку ў кустах хтосьці сядзіць.
— Адкуль гэта ведаеце?
— Бачылі, як запалілі папяросу. Бліснула запалка.
Зразумеў, што заўважылі там Грабара, і адказаў:
— Гэта наш чалавек… Ведаеш Макарава?
— Чулі…
— Гэта ён.
— А мы думалі — перамытнікі. Чакалі, што выйдуць на поле, але не вылезлі. Таму пайшлі ўперад, бо ў кустах чорт яго ведае хто можа сядзець.
— Добра зрабілі, — вымавіў я, звярнуўшыся да салдат, — калі б нечакана напалі, ён мог бы вас пастраляць.
Шчур забірае сабе аднаго чырвонаармейца, а я другога. Вяртаемся на свае месцы і цікуем далей. Паціху размаўляю з салдатам. Ён з Барысава. Расказаў мне падрабязна пра сябе і службу. Кажа, што на адным прамежку падпольнікі возам перавозяць тавар у Менск. Абяцае дапамагчы нам наладзіць засаду. Пытаецца ў мяне, якой фірмы рэвальвер. Упершыню за сваё жыццё бачыць такую зброю.
Каля трэцяй гадзіны ночы перастаём пільнаваць. Шчур ціха двойчы свіснуў і са сваім кампаньёнам сышоў уніз. Мы таксама збягаем з пагорка і выходзім на дарогу. Пасля дамаўляемся сустрэцца з чырвонаармейцамі ў нядзелю а дзевятай гадзіне вечара, непадалёку ад купіны кустоў, справа ад дарогі, на тым беразе рэчачкі. Развіталіся з салдатамі, якія пакрочылі ў напрамку граніцы. Пасля мы пайшлі шукаць Грабара. Вылез нам насустрач з кустоў.
— Што ў цябе чуваць? — запытаўся ў таго.